Берасцейская пракуратура выносіць папярэджанні за “рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі”

25 чэрвеня 2011 15:10  |  Палітыка

Берасцейская абласная пракуратура зацікавілася арганізатарамі маўклівай акцыі пратэсту ў Берасце. Гэтак, 23 чэрвеня ў пракуратуру быў выкліканы мясцовы дэмакратычны актывіст Сяргей Алексіевіч, якому вынеслі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства праз заклікі “да змены ўлады антыканстытуцыйным шляхам”.

Пра гэта паведаміў абласны каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Зміцер Шурхай, які таксама з’яўляецца кіраўніком “рэвалюцыйнай суполкі”. Па яго словах, 24 чэрвеня следчы Пунько выклікаў “на размову” ў пракуратуру яшчэ аднаго кіраўніка суполкі, сябра БХД, вядомага пад псеўданімам Алесь Змагар. Актывіст павінен з’явіцца ў пракуратуру ў панядзелак, 27 чэрвеня.

 

“Ведаючы пра гэта, я наўмысна не адказваў на тэлефанаванне з невядомых нумароў. Але мае сябры, у якіх пэўны час знаходзіўся мой тэлефон, адказалі. Той, хто тэлефанаваў, папрасіў перадаць мне, каб я тэрмінова прыйшоў “паразмаўляць”. Але я не пайду прынцыпова. Год таму, калі мне вынеслі папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, я таксама прыйшоў на “размову”, але замест яе мне адразу ўручылі папярэджанне. Калі яны хочуць, каб я прыйшоў, хай пішуць мне позву, у якой патлумачаць, чаму, куда, калі і з якой мэтай мяне выклікаюць”, – адзначыў Зміцер Шурхай.

“Мы не збіраемся пакідаць суполку, а тым больш яе зачыняць. Але нават, калі мы з яе выйдзем, то гэта нічога не зменіць, бо двое з пяці кіраўнікоў суполкі знаходзяцца за мяжой. Спецслужбы баяцца ўсё больш і больш. Яны ўсяляк спрабуюць спыніць грамадскі рух, які толькі нарастае, да яго далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі”, – сказаў актывіст.

Болей навін