Затрыманую ў Віцебску Таццяну Севярынец павезлі ў суд (Абнаўляецца)
У РАУСе на Таццяну Севярынец склалі пратакол за 3 ліпеня па артыкуле 23.34 за быццам бы арганізацыю несакнцыянаванага шэсьця. Затым, яе трымалі да начы, ня ведаючы, ці адпускаць да суда, ці затрымліваць, бо ўсё віцебскае міліцэйскае начальства было на адкрыцьці фэсту “Славянскі базар”, таму міліцыянты не маглі прыняць рашэньне.
Ня выключана, што менавіта з гэтым “базарам” і было зьвязанае затрыманьне, выказаў меркаваньне Павал Севярынец, які паехаў у РАУС разам з маці. На ягоную думку, Таццяну Яўгенаўну могуць пратрымаць да панядзелка, тобок на ўвесь час адкрыцьця “базара”, на якім прысутнічае Лукашэнка.
У гэты ж РАУС даставілі і актывіста БХД Зьміцера Пчолкіна, які прыйшоў на штодзённую малітву за палітвязняў каля Усьпенскага сабору.
Нагадаем, міліцыянты прыходзілі дахаты да Таццяны Яўгенаўны ў сераду, 6 ліпеня, каб ўручыць ёй позву ад намесьніка начальніка Кастрычніцкага РАУСа Аляксандра Каліноўскага з патрабаваньнем, каб яна зьявілася да яго на допыт у 18.00 таго ж дня. Сама Таццяна Яўгенаўна выказала меркаванне, што гэтая позва прыдуманая, перашкодзіць ёй удзельнічаць у серадовай акцыі і штодзённай малітве за па Беларусь каля Еўфрасіньнеўскага крыжа на Ўсьпенскай горцы.
Але Таццяна Севярынец адмовілася прыйсці па гэтай позве, бо з’язжала ў гэты час у Менск. Між тым, супрацоўнікі міліцыі прыходзілі яе шукаць і падчас яе адсутнасці.
А 8 ліпеня на судзе над удзельнікамі акцыяў маўклівага пратэсту Таццяна Севярынец сама нагадала прысутнаму там Аляксандру Каліноўскаму, што мае намер прыйсьці да яго на размову. Аднак той заявіў, што сёньня сам ня зможа зь ёй сустрэцца за адкрыцьця “Славянскага базару”, на якім ён будзе асабіста арганізоўваць ахову правапарадку.
Тым ня менш, Тацяну Севярынец усёткі павезьлі да яго ў РАУС. Магчыма, менавіта так Каліноўскі вырашыў забясьпечыць ахову правапарадку: каб гэтыя апазіцыянеры нічога не “утварылі”.
3 ліпеня ў Віцебску адбылося імправізаванае шэсьце салідарнасьці ад плошчы Перамогі да Еўфрасіньнеўскага крыжа на Усьпенскай горцы, дзе адбылася штодзённая малітва за палітвязьняў. Тацяна Севярынец з групай моладзі БХД накіраваліся да Еўфрасіньнеўскага крыжа, каб а 20-й распачаць там традыцыйную штодзённую малітву за палітвязьняў і свабоду нашай краіны. Разам зь імі пайшло больш за 100 чалавек. За гэтае шэсьце віцебскія міліцыянты ўжо склалі адміністратыўны пратакол на актывіста БХД Усевалада Жураўлёва, якога неўзабаве будуць судзіць.