Севярынец пра новы законапраект рэжыму: няўклюдная спроба ўзаконіць уласнае беззаконне

29 ліпеня 2011 13:24  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец пракаментаваў з’яўленне новага законапраекту адносна правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі. “Маразм. У Савецкім Саюзе нават такога марзаму не было. Гэта няўклюдная спроба ўзаконіць уласнае беззаконне”, – адзначыў ён.

 

“Было б смешна, калі б не было так сумна. Гэта за межамі здаровага сэнсу і логікі. Калі далей так пойдзе, то нам давядзецца атрымліваць дазволы на тое, каб дыхаць, хадзіць, жыць. Вось новыя далягляды для нашай заканадаўчай улады”, – сказаў Павал Севярынец.

 

Беларускія ўлады распрацавалі законапраект, які значна абмяжоўвае магчымасць правядзення мітынгаў, дэманстрацый, флэшмобаў і іншых акцый пратэсту. Так, плануецца прыраўняць да пікетавання “сумесную масавую прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеянні ці бяздзейнасці, арганізаванай (у тым ліку праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваiх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту”.

Змагаючыся з акцыямі аўтамабілістаў, улады маюць намер абавязаць прадстаўляць у міліцыю інфармацыю “аб транспартных сродках (марка, мадэль, рэгістрацыйны знак транспартнага сродку, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць), месца жыхарства (знаходжання) асобы, якая будзе кіраваць транспартным сродкам), калі масавае мерапрыемства будзе праводзіцца з іх выкарыстаннем”.

Таксама ўлады забараняюць мітынгаваць ля будынкаў радыё і тэлебачання, месцаў і пабудоў, звязаных з атамнай энергетыкай. Апроч таго, законапраект дазваляе “агароджваць тэрыторыі месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў інжынернымі і тэхнічнымі сродкамі, вырабляць фотаздымкі, аўдыё- і відэазапіс удзельнікаў масавых мерапрыемстваў, ажыццяўляць прапускны рэжым”.

Да таго ж сілавікі атрымаюць “законнае” права “патрабаваць ад грамадзян пакінуць месца правядзення масавага мерапрыемства” і “спыняць допуск грамадзян у месца правядзення масавага мерапрыемства з улікам ёмістасці ўказанага месцы”. Таксама яны змогуць праводзіць асабісты дагляд грамадзян і iхніх рэчаў.

Болей навін