БХД падпісала зварот супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі

11 кастрычніка 2011 15:19  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 11 кастрычніка ад імя БХД падпісаў адкрыты зварот грамадскасці Беларусі і Расіі да дырэктараў ЗАТ “Атамбудэкспарт” і ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі”, міністра замежных спраў і генеральнага пракурора Расійскай Федэрацыі з нагоды кантракта аб будаўніцтве АЭС у Беларусі.

Дырэктару ЗАТ “Атамбудэкспарт”
Міністру замежных спраў Расійскай Федэрацыі
Генеральнаму Пракурору Расійскай Федэрацыі
Дырэктару ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі”

 

Адкрыты зварот грамадскасці Беларусі і Расіі
З нагоды кантракта аб будаўніцтве АЭС у Беларусі

Сёння, 11 кастрычніка расійскае ЗАТ “Атамбудэкспарт” і беларускае ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” падпісалі Кантрактнае пагадненне па ўзвядзенні энергаблокаў № 1 і 2 АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Кантракт рыхтаваўся да падпісання без узгаднення канчатковай сумы, а таксама да прыняцця рашэння аб выдзяленні Расійскай Федэрацыяй міждзяржаўнага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС. Гэта дае магчымасць для самых разнастайных, у тым ліку, карупцыйных маніпуляцый зацікаўленых бакоў, і ставіць беларускіх падаткаплатнікаў у становішча вечных даўжнікоў. Гэта асабліва адчувальна для грамадзян Беларусі ў часы працяглага эканамічнага крызісу.

Мы, прадстаўнікі грамадскасці Расіі і Беларусі, выказваем рашучы пратэст гэтай сумніўнай угодзе, якая робіць беларускі народ закладнікам інтарэсаў Дзяржкарпарацыі «Расатам». Дадзеная ўгода, закранае інтарэсы ўсіх грамадзян Беларусі і Расіі, рыхтавалася непразрыстым чынам. Так званы кантракт не быў публічным. Ён падпісаны насуперак інтарэсам беларускага і расійскага народаў, без уліку меркавання грамадскасці, у абыход дзейнага заканадаўства і ў інтарэсах вузкай групы людзей, якія займаюць ключавыя пасады ў эшалонах улады і непасрэдна Дзяржкарпарацыі «Расатам».

Мы хочам нагадаць Вам пра тое, што праект Астравецкай АЭС рэалізуецца з шматлікімі парушэннямі. У дачыненні да гэтага праекту ідуць разбіральніцтвы на міжнародным узроўні. Так, Камітэт па ажыццяўленні канвенцыі Эспоо вядзе справу па скарзе Ровенскай арганізацыі “Экаклуб» і Рэспублікі Літва. Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі 28 чэрвеня гэтага года зрабіў высновы аб тым, што Беларусь парушыла Канвенцыю пры рэалізацыі праекта сваёй АЭС. У працэсе прыняцця рашэнняў, звязаных з Астравецкай АЭС ігнаравалася меркаванне грамадзян Беларусі і закранаемых краін, парушаліся тэхнічныя кодэксы ўстоянай практыкі, нормы экалагічнай бяспекі.

У чарговы раз мы звяртаем Вашу ўвагу на той факт, што жыхары Беларусі ўжо пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, таму дадатковае радыяцыйнае ўздзеянне можа прывесці да фатальных незваротных наступстваў для здароўя цяперашняга і наступных пакаленняў беларусаў. Мы папярэджваем Вас аб адказнасці перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі нашых народаў за груз нявырашаных праблем з утылізацыяй ядзерных адходаў, вываду з эксплуатацыі атамных электрастанцый, які расійскія атамшчыкі сёння ўзвальваць на іх плечы.

Мы лічым недапушчальным экспарт небяспечных расійскіх атамных тэхналогій у іншыя краіны. Нядаўняе абвальванне канструкцый ЛАЭС-2 яшчэ раз пацвярджае факт высокай небяспекі расійскіх атамных будоўляў.

У гэтай сітуацыі мы заклікаем Вас да асабістай адказнасці, патрабуем спыніць удзел ЗАТ «Атамбудэкспарт» у дадзеным праекце, дачакацца завяршэння міжнародных разглядаў і правесці бесстаронняе расследаванне акалічнасцяў падрыхтоўкі кантракту.

Болей навін