На судзе над Жукаўцом з’явіліся “мёртвыя душы”
На падставе дакументаў допытаў гэтых няісных асобаў, якія польскі бок атрымаў ад беларускай пракуратуры нібыта ў межах двухбаковай юрыдычнай дапамогі будаваліся асноўныя аргументы абвінавачання. З запісаў папярэдніх допытаў выдуманых людзей вынікала сувязь Жукаўца з фірмамі, замяшанымі ў карупцыйныя схемы.
На судзе дапыталі дваіх іншых сведкаў – былых дырэктараў прадпрыемства “Рочэстэр імпарт-экспарт” Валянціну Заікіну і Сяргея Мамаева. Паводле беларускай пракуратуры, праз гэтую фірму Жукавец і здзяйсняў злачынствы ў Беларусі. Аднак Мамаеў сказаў, што ўвогуле не ведае, хто быў уладальнікам прадпрыемства, а Заікіна заявіла, што ўладальнікам фірмы на той час быў ейны зяць і вядомы ў Беларусі бізнесовец Аляксей Жукаў.
Сёння Аляксей Жукаў – генеральны дырэктар кампаніі “Алютэх” і ўваходзіць у спіс найбольш паспяховых беларускіх бізнесоўцаў.
Нагадаем, што суддзя Шчэсны Шыманьскі збіраецца паехаць у Беларусь, каб заслухаць сведкаў пад кантролем беларускай пракуратуры. Андрэй Жукавец неаднаразова ўказваў на запалохванне сведкаў праз КДБ, аднак, паводле ягоных словаў, польскі суддзя не палічыў гэтыя факты істотнымі.
Андрэя абвінавачваюць у махінацыях падчас атрымання крэдытаў вартасцю 700 тысяч даляраў у двух беларускіх банках. У 2001 годзе яго затрымалі ў Беластоку. Беларускі бок запатрабаваў экстрадыцыі, аднак польскі суд вырашыў, што гэта недапушчальна, выказаўшы сумнеў у правядзенні справядлівага працэсу ў Беларусі.
Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зняволення і перадаванне беларускім праваахоўным органам.