Актывісты БХД у Гомелі ўзялі ўдзел у талацэ ля пакутных крыжоў
Першы крыж быў усталяваны на 9-м кілямэтры чарнігаўскай шашы ў 90-х гадах, калі Беларусь здабыла незалежнасьць. На ім надпіс: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 г.»
Крыж талакоўцы пафарбавалі, паклалі жывыя кветкі.
«На дадзены момант у нашай рэспубліцы ўлады ўшаноўваюць памяць толькі тых людзей, якія загінулі ў гады Другой усясьветнай вайны. А пра тысячы ахвяраў, загіблых у лягерах і растраляных энкавэдыстамі ў лясах паблізу беларускіх гарадоў, імкнуцца ня згадваць. Але ж мы памятаем і прыходзім сюды, каб прыбраць гэтыя месцы, пакланіцца ім. Калі забываць гісторыю, то ёсьць вялікая рызыка, што яна можа паўтарыцца», — гаворыць удзельніца Талакі Натальля.
Па левы бок шашы непадалёк ад гораду ўсталяваны яшчэ два пакутныя крыжы: на месцы раскопак 52-га пошукавага батальёну Міністэрствы абароны, дзе тры гады таму знайшлі парэшткі 70 расстраляных чалавек, і блізу балота. Летась грамадзкія актывісты тут таксама ўсталявалі крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
Чацьвёрты пакутны крыж, ля якога таксама пабывалі талакоўцы, знаходзіцца па правы бок шашы, у Шчакатоўскім лесе — на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў.
Як толькі талакоўцы карпанулі два разы, каб умацаваць мэталічнымі вугалкамі падмурак крыжа, зь зямлі паказаўся чалавечы чэрап і косткі.
Эксгумацыя, праведзеная на пачатку 1990-х, дала адназначныя вынікі: тут адбываліся расстрэлы палітычна неляяльных грамадзянаў, ці, як тады казалі, «ворагаў народа». У іх ліку былі й сьвятары.
Талакоўцы сёньня наведалі й прыбралі магілу моладзевега актывіста Андрэя Зайцава на Рандоўскіх могілках, дзесяцігоддзе зь дня сьмерці якога будзе сёлета ў сьнежні. У перадсьмяротнай запісцы Андрэй напісаў, што яго давялі да самагубства супрацоўнікі гомельскай управы КДБ.