Віталь Рымашэўскі пра ініцыятыву Вуса па зьмене выбарчага заканадаўства: “Трэба падтрымліваць”
Экс-кандыдат на прэзыдэнты, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Віталь Рымашэўскі выступае за падтрымку ініцыятывы іншага экс-кандыдата Дзьмітрыя Вуса кажа і па зборы подпісаў за зьмену Выбарчага кодэксу:
«Мы падтрымалі ідэю правядзеньня Народных сходаў. І мы ўзялі ў іх удзел, нягледзячы на тое, што скептычна ставіліся да колькасьці людзей, якія на іх прыйдуць.
Я лічу, што любую ініцыятыву, скіраваную на зьмену сытуацыі ў Беларусі, на заваяваньне свабоды, трэба падтрымліваць. Сама ідэя зьмены выбарчага заканадаўства, правядзеньня свабодных выбараў, — выдатная ідэя. Мы адназначна ня будзем выступаць супраць, а многія нашы рэгіянальныя лідэры і актывісты будуць дапамагаць у зборы гэтых подпісаў».
Нагадаем, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Дзьмітрый Вус зьбірае ініцыятыўную групу, якая пасля афіцыйнай рэгістрацыі ў Цэнтрвыбаркаме будзе зьбіраць подпісы за зьмену Выбарчага кодэксу. Безь перагляду выбарчага заканадаўства зрабіць будучыя выбары ў краіне празрыстымі і свабоднымі немагчыма, лічыць Вус.
Між тым 18 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ўжо абмяркоўваў пляны правядзеньня выбарчай кампаніі 2012 году ў Палату прадстаўнікоў са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. І заявіў пра недапушчальнасьць зьмяненьня выбарчага заканадаўства:
«Я б ня стаў разглядаць варыянты, як ад нас сёньня некаторыя патрабуюць, ломкі выбарчага заканадаўства. Гэта абсалютна непрымальна напярэдадні палітычнай кампаніі», — падкрэсьліў Лукашэнка.