Рашэнне IV З’езда Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

26 снежня 2011 17:45  |  Галоўныя навіны

Прапануем вашай увазе рашэнне IV З’езда Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя адносна ўдзелу ў выбарах.

 

Рашэнне IV З’езда Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

 

«Выбары»

 

Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, заяўляем, што:

1)          Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца дэмакратычнымі, калі яны праходзяць у краіне, дзе існуюць палітычныя зняволеныя.

2)          Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца празрыстымі ва ўмовах абмежавання правоў палітычных партый і структур грамадзянскай супольнасці, свабоды прэсы, мітынгаў і сходаў.

3)          Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца законнымі, калі іх вынікі атрыманыя пры дапамозе фальсіфікацый, ва ўмовах няроўнасці палітычных сіл пры фарміраванні выбарчых камісій, абмежаванні рэальных магчымасцяў забеспячэння кантролю і вядзення назірання за ходам галасавання і падлікам галасоў, а таксама адсутнасці магчымасці правядзення незалежных сацыялагічных даследаванняў і інструментаў рэальнай абароны інтарэсаў выбаршчыкаў і кандыдатаў у судзе.

 

Мы заяўляем, што сення беларускі народ пазбаўлены права праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары самастойна кіраваць сваёй краінай і фарміраваць ўсе ўзроўні ўлады ў краіне.

 

Для рэалізацыі гэтага права мы патрабуем:

1)  Неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў. Спыніць пераслед іншадумцаў па месцы вучобы і працы, забяспечыць вяртанне зволеных і выключаных (у выпадку іх жадання) на ранейшыя месцы працы і вучобы.

2) Зарэгістраваць усе грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім з надуманых прычынаў адмаўлялася ў рэгістрацыі. Унесці ў заканадаўства неабходныя і прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі змены, якія спрашчаюць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці. Адмяніць артыкулы 193-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

3) Стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Спрасціць сістэму іх рэгістрацыі. Адмяніць незаконныя абмежаванні на іх выданне і распаўсюджванне.

4)   Унесцi ў Выбарчы кодэкс змены наступнага зместу:

a)      Замацаваць абавязковае права палітычным партыям дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, калі палітычная партыя прыняла рашэнне аб удзеле ў выбарах;

b)     Замацаваць права назіральнікаў аглядаць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць волевыяўленне грамадзян у кожным бюлетэні, атрымліваць любую інфармацыю, якая тычыцца выбараў, а таксама фіксаваць працэс падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі; прадаставіць назіральнікам права апячатваць выбарчыя скрыні подпісамі нароўні з чальцамі выбарчых камісій;

c)      Вызначыць падставы, якія даюць выключнае права на датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы жыхарства (дакументальна пацверджаная камандзіроўка, адпачынак, ад’езд на лячэнне, пацверджанне медыцынскай даведкай стану здароўя, якое перашкаджае выбаршчыку асабіста наведаць ўчастак у дзень выбараў);

d)     Замацаваць на практыцы асобны празрысты падлік па кожным з відаў галасавання і кожнай з выкарыстаных падчас галасавання скрыняў, а таксама адлюстраванне вынікаў раздзельнага падліку галасоў у выніковым пратаколе;

e)      Замацаваць права судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій усіх узроўняў.

З’езд партыі БХД  даручае Нацыянальнай  Радзе БХД:

 

  1. 1.      Падрыхтаваць і правесці кампанію актыўнага байкоту “выбараў”, альбо ў выпадку выканання вышэйпералічаных патрабаванняў, ўдзелу хрысціянскіх дэмакратаў у палітычнай кампаніі;
  2. 2.      Правесці перамовы з іншымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі і арганізаваць супольныя палітычныя кампаніі дзеля выканання гэтых патрабаванняў.

 

Болей навін