За малітоўныя акцыі пачаўся ціск на Чырвоны касцёл
У Мінску працягваюцца малітоўныя акцыі. Кожны дзень да Чырвонага касцёла прыходзяць людзі, каб паставіць знічы свабоды і памаліцца за вызваленне палітвязняў.
Як кажа ўдзельніца акцый Ганна Шапуцька, апошнім часам супрацоўнікі праваахоўных органаў не звяртаюць на іх увагі. Але аказваецца, што гэта толькі бачнасць бяздеяння з іх боку:
– Яны зараз нас не чапаюць. Але я ведаю, што вялікі ціск ідзе на Чырвоны касцёл. На пробашча касцёла Завальнюка і на арцыбіскупа Кандрусевіча. Мы ведаем, што з імі размаўлялі чыноўнікі па справах рэлігіі, ведаем, што гэта тычыцца нашай малітвы каля Чырвонага касцёла. Але пакуль трымаемся. Як я зразумела, калі нас не больш 15-ці чалавек, яны на гэта рэагуюць спакойна. А вось калі нас больш, як было 19-га, то яны пачынаюць нервавацца і перашкаджаць нам.
Ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі каля Чырвонага касцёла ўзнікла стыхійна 19 студзеня ў часе акцыі салідарнасці з арыштаванымі і пацярпелымі пасля падзей Плошчы-2010. Кожны дзень а 20-й гадзіне там збіраюцца людзі, моляцца, запальваюць знічкі і ставяць іх каля скульптуры арханёла Міхаіла.