КДБ цісне на сям’ю Алеся Чаркашына

31 снежня 2011 15:50  |  Палітыка

Вось ужо некалькі дзён участковы інспектар, пракуратура і супрацоўнікі КДБ шукаюць брэсцкага гарадскога каардынатара БХД і адміністратара групы РЧСС ў сацыяльных сетках Алеся Чаркашына за заклік у інтэрнэце выйсці на цэнтральную елку для сумеснага святкавання Новага Года. 

 

На цэнтральных елках горада плануюцца акцыі: пад выступ Лукашэнкі людзі будуць скандаваць «Сыходзь!», а пад бой курантаў «ШОС».

Паколькі прадстаўнікі ўлады не могуць знайсці самога Алеся, яны працягваюць запалохваць і аказваць ціск на ягоных бацькоў. Напрацягу многіх дзён ім паступаюць званкі на тэлефоны, непрыемныя візіты дадому і на працу. 

 

Са слоў самога Алеся: “Учора днём маю маму выклікалі на працу, дзе яе чакалі дырэктар і два супрацоўнікі КДБ. Яе дапытвалі больш за дзве гадзіны, расказвалі пра тое, што я рыхтую тэракт на навагоднюю ноч, што мяне чакае такая ж доля як Канавалава і Кавалёва. Яны пагражалі звольніць яе з працы, паказвалі раздрукоўкі з інтэрнэту з маёй фатаграфіяй і ўсяляк спрабавалі даведацца аб маім месцазнаходжанні. Свет не без добрых людзей нават сярод супрацоўнікаў, таму я пра гэта даведаўся яшчэ да таго, як мая мама дайшла дадому, з ёй я. на жаль, яшчэ не бачыўся і аб яе стане мне нічога не вядома”. 

 

“Магу сказаць толькі адно, што яны працуюць па накатанай саўковай сістэме, нічога новага – шантаж, ультыматум, пагрозы і запалохванне, расправа сілай і г.д. Дадам, што КДБ сёння шмат у чым саступаюць сваім калегам нават яшчэ 13 гадоў таму, працуюць нядбайна, нахабна і адчуваюць сябе пры гэтым героямі. Прадбачыць іх дзеянні не з’яўляецца праблемай. У Беларусі пачаліся арышты, гэта мяне не здзіўляе. Бязмежжа працягваецца, а акцыі адбудуцца, бо арганізатарамі з’яўляюцца не канкрэтныя асобы, але самі грамадзяне”, – адзначыў Алесь Чаркашын.

Болей навін