Уладзь Яроменак на волі пасьля 15 сутак у СІЗА (фота)
Нагадаем, тады на прыступках Чырвонага касьцёла, дзе людзі запальвалі зьнічкі ў памяць пра падзеі ў дзень апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, амапаўцы схапілі некалькі дзясяткаў чалавек.
Самае вялікае пакараньне – 15 сутак адміністрацыйнага арышту – атрымалі Максім Вінярскі, Юрась Шпак-Рыжкоў, Аляксандр Валанцэвіч ды сябры “Маладога Фронту” Раман Васільеў, Уладзь Яроменак і Ігар Кішко.
Дарэчы, як зазначалі ў судзе сьведкі, маладафронтаўцы стаялі пад самым касьцёлам, і не мусілі трапіць у рукі міліцыянтаў. Калі ж пачалася тузаніна, хлопцы сталі ў ланцуг, каб абараніць жанчын ды дзяўчат, а пасьля і самі апынуліся ў міліцэйскай машыне.
Былы палітвязень, сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Уладзь Яроменак на знак пратэсту супраць учыненага гвалту ў дачыненьні вернікаў усе 15 дзён адмаўляўся ад ежы.
Пазьней за ўсіх, а 12 начы выйшаў Юрась Навіцкі. Мужчыну затрымалі не на Плошчы, як тое меркавалася першапачаткова, а ў менскім мікрараёне Серабранка. Ён пабачыў затрыманьне незнаёмага хлопца, які ляпіў апазыцыйныя ўлёткі на слупах. Мужчына пачаў фатаграфаваць дзеяньні міліцыянтаў, пасьля чаго тыя затрымалі й яго. У выніку хлапец атрымаў штраф, а Юрась Навіцкі – адміністрацыйны арышт 15 сутак.
Паводле мужчыны, на Акрэсьціна яго ўвесь час абшуквалі й ганялі з камэры ў камэру. Па выхадзе ў яго адабралі ўсе запісы ды малюнкі, зробленыя падчас адсідкі.
Юрась Навіцкі таксама трымаў галадоўку, і нават паспрабаваў перайсьці на сухую яе форму. Пасьля гэтага ў яго моцна пагоршылася самаадчуваньне, і ён вярнуўся да ўжываньня вады. Цяпер мужчына адчувае сябе няблага.