Рымашэўскі: санкцыі – абсалютна правільны і эфектыўны крок
Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў 3 снежня Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Закон патрабуе вызвалення палітвязняў, пашырае спіс беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых структур, на якіх накладваюцца візавыя і фінансавыя абмежаванні, а таксама змяшчае заклік да Міжнароднай федэрацыі хакея адмовіцца ад правядзення ў Беларусі Чэмпіянату свету ў 2014 годзе. Наколькі эфектыўныя гэтыя меры?
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі лічыць санкцыі Захаду супраць беларускіх уладаў абсалютна правільным і эфектыўным крокам.
– Калі б не цвёрдая (дакладней, адносна жорсткая) пазіцыя Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх уладаў, то ніхто з абвінавачаных па справе 19 снежня да гэтага часу не выйшаў бы на волю, – сказаў Рымашэўскі ў інтэрв’ю UDF.BY.
Разам з тым, лічыць лідэр хрысціянскіх дэмакратаў, палітыка ў дачыненні да Беларусі павінна быць гнуткай: як бонусы за дэмакратызацыю, так і санкцыі ў выпадку ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій.
– Што тычыцца непасрэдна падпісанага Абамам Акту аб дэмакратыі і правах чалавека – гэта вельмі карысная і важная рэч, але казаць пра новыя санкцыі і нейкім новым падыходзе не даводзіцца, бо спіс чыноўнікаў быў пашыраны нязначна.Таму я разглядаю гэты крок проста як пацвярджэнне той пазіцыі ЗША, якая і раней вытрымлівалася ў дачыненні да Беларусі. З іншага боку, на сённяшні дзень абсалютна відавочна адсутнасць альтэрнатывы гэтым мерам, – адзначыў Рымашэўскі.
Адносна закліку да Міжнароднай федэрацыі хакея адмовіцца ад правядзення Чэмпіянату свету ў Беларусі, Рымашэўскі мяркуе, што “адмова ў правядзенні такога значнага спартыўнага мерапрыемства б’е ў першую чаргу па прэстыжы беларускіх уладаў. Ні ў якім выпадку не па прэстыжы беларускага народа!”
– Такі важны сігнал адрасаваны не толькі ўсяму беларускаму грамадству і спартовай супольнасці ў прыватнасці, але закранае і іншыя сферы супрацоўніцтва: міжнародны бізнэс, палітыку і інш. Бо спорт у сучасным свеце надзвычай важны для прэстыжу краіны і развіцця міжнародных адносін. Таму такая прапанова арганічна ўпісваецца ў лепшую на сёння стратэгію выбудоўвання адносін Захаду з беларускімі ўладамі, – сказаў сустаршыня БХД.