Кальварыйскія могілкі разбураць?

05 студзеня 2012 11:56  |  Грамадства

Самым старадаўнім могілкам сталіцы – Кальварыйскім – пагражае разбурэньне. Установа “Спэцкамбінат”, адказная за ўсе гарадзкія могілкі, зьмясьціла на агароджах пахаваньняў цэнтральнай алеі адмысловыя папярэджаньні. Першым трывогу забіў дэкан Кальварыйскага касьцёла, абапал якога месьцяцца гэтыя могілкі, ксёндз Андрэй Бародзіч.

 

Андрэй Бародзіч: Я знайшоў. Бачыў, як супрацоўнікі “Спэцкамбіната” хадзілі з кампутарам там, але нічога не сказалі. А потым я ўжо ўбачыў, што яны павесілі гэтыя памаранчовыя паперкі, дзе напісана, што калі не прывядзеце ў належны стан, дык па заканадаўстве яны будуць прыбраныя.

 

Прэтэнзыі “Спэцкамбіната” ў тым, што магілы канца XVIII ст., маўляў, недагледжаныя й непрыбраныя. Сьвятар Андрэй Бародзіч абвяргае гэтыя абвінавачаньні.

 

Андрэй Бародзіч: У нас парафіяне зьбіраюцца й галоўную алею заўсёды прыбіраюць. Польскае таварыства дапамагае, моладзь – няма ні бур’яну, нічога такога.

 

“Спэцкамбінат” прыгразіў ліквідаваць каля дзесяці магілаў, што месьцяцца па правым баку цэнтральнай але й на прыкасьцельных тэрыторыях. Гэтая трывожная навіна так усхвалявала ксёндза, што ён вырашыў зьвярнуцца па дапамогу грамадзкасьці й каталіцкай супольнасьці. У Чырвоным касьцёле прайшло абмеркаваньне гэтай сытуацыі, у якім бралі ўдзел ксёндз Уладыслаў Завальнюк, ксёндз Андрэй Бародзіч, грамадзкія актывісты ды вернікі. Напярэдадні сустрэчы прадстаўніца культурніцкага аб’яднаньня “Гісторыка” Таша Міхайлоўская пасьпела наведаць Кальварыйскія могілкі й на свае вочы пабачыла папярэджаньні ды пахаваньні, над якімі павісла пагроза зносу.

 

Таша Міхайлоўская: Гэта досыць тыповыя шыльды, у якіх паведамляецца, што магіла не даглядаецца, таму празь нейкі час можа быць зьнесена. Паводле заканадаўства, такое можа быць у дачыненьні звычайных могілак, і такія шыльды скіраваныя, каб зьвярнуць увагу сваякоў пахаваных людзей, што магілу варта прыбраць, пафарбаваць агароджу, напрыклад. Але паводле нашага вопыту гэта зьяўляецца вельмі кепскай прыкметай, бо гэта гістарычныя могілкі, каштоўнасьць усіх менчукоў і ўсіх беларусаў, таму зь імі нельга так абыходзіцца.

Таша Міхайлоўская пацьвяржае, што на могілках сапраўды ня ўсё ідэальна, але гэта зусім ня значыць, што пахаваньні трэба зьнішчаць.

 

Таша Міхайлоўская: З аднаго боку ёсьць пахаваньні з паваленым помнікам, але для мяне гэта не аргумэнт. Павалены помнік можна лёгка падняць і паставіць назад – для мяне гэта не зьяўляецца недагледжанаю могілкаю. Зь іншага боку ёсьць пахаваньні зь вельмі старымі агароджамі, дзе ўжо не захавалася крыжоў і помнікаў, тут варта думаць…

На абмеркаваньні было вырашана, што ксёндз Андрэй Бародзіч ад імя сваёй парафіі зьвернецца ў “Спэцкамбінат” з просьбаю канкрэтна растлумачыць прэтэнзіі. Таксама, пачынаючы ад 7 студзеня, у першую суботу месяца у касьцёле на Кальварыі будуць праводзіцца малітвы за захаваньне могілак. Перад ці пасьля малітваў усе ахвочыя змогуць прыняць удзел ва ўпарадкаваньні старадаўніх пахаваньняў.

 

Андрэй Бародзіч: Я заахвоціў парафіянаў, каб яны пафарбавалі гэтыя агароджы, дзе няма крыжоў – каб паставілі крыжы. Помнікі паваленыя будзем ставіць на месца.

 

Паралельна з гэтым аб’яднаньне “Гісторыка” складзе афіцыйны зварот у Міністэрства культуры, а ксёндз Завальнюк склікае паседжаньне Кальварыйскай рады. Па выніках гэтых намаганьняў і будзе прымацца рашэньне пра далейшыя дзеяньні. Дарэчы, Міністэрства культуры ўжо ў курсе сытуацыі й нават зьвязалася са “Спэцкамбінатам” наконт папярэджаньняў. Там у вуснай форме заверылі, што далей за папярэджаньні справа ня пойдзе, і “Спэцкамбінат” ня будзе руйнаваць пахаваньні. Гаворыць Таша Міхайлоўская, якая зьвязалася з Упраўленьнем па ахове спадчыны Міністэрства культуры.

 

Таша Міхайлоўская: Там мне было паведамлена, што яны зьвязваліся з кіраўніцтвам “Спэцкабіната”, якое ў сваю чаргу заўпэўніла, што яны ведаюць, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць і павесілі шыльды выключна ў якасьці інфармацыі для родзічаў. Нам будзе сапраўды прыемна, калі гэта так, але мы будзем сачыць за гэтай сытуацыяй, бо даверу ім няма.

Болей навін