Зміцер Шурхай: пераследам кіроўцаў у Берасці займаецца КДБ
Берасцейскі абласны каардынатар аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Зміцер Шурхай пракаментаваў факты выкліку ў міліцыю кіроўцаў, на машыны якіх ёсць бел-чырвона-белыя налепкі і стужкі.
“Актывістаў БХД пакуль не выклікалі. Але думаю, што гэта справа часу, так як шмат хто з нашых ездзяць з налепкамі і стужкамі БЧБ. Наогул, па Берасці гэтыя налепкі шырока разышліся і за апазіцыйнае кола- сярод звычайных грамадзян”, – адзначыў ён.
“Я сам езджу і са стужкай БЧБ, і з налепкай БЧБ з Пагоняй. Шмат разоў мяне спынялі супрацоўнікі ДАІ, але пра штраф за нацыянальную сымволіку і размовы не было. Было нават так, што калі спынялі за нейкае парушэнне, і бачачы БЧБ налепку на кузаве машыны, супрацоўнік ДАІ адпускаў, не складаючы пратакол за парушэнне. Некаторыя нават прасілі такія налепкі для сябе”, – паведаміў Зміцер Шурхай.
“Відавочна, што у ДАІ паступіў зверху спіс кіроўцаў-“патрыётаў”, каб прыцягнуць іх да адказнасці. І стоадсоткава гэта палітычна матывавана і гэтым займаецца УКДБ па Берасцейскай вобласці. Зручнасць для кіроўцаў у тым, што налепкі гэтыя на магнітнай аснове, таму іх у любы момант можна наляпіць і ў любы момант яны могуць быць знятыя”, – сказаў каардынатар БХД.