Таісія Кабанчук: удзел у выбарах – згода на гульню з шулерам

14 лютага 2012 06:51  |  Галоўныя навіны

Таісія Кабанчук, якая ўзначальвае магілёўскі абласны аргкамітэт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, не бачыць сэнсу ў вылучэнні апазіцыяй кандыдатаў на будучых парламенцкіх выбарах. Паводле яе словаў, такога самага меркавання прытрымліваецца абсалютная большасць дэмакратычных актывістаў і простых жыхароў вобласці.

 

– Чаму вы выступаеце за байкот парламенцкіх “выбараў”?

 

Я выступаю за актыўны байкот, бо ў турмах працягваюць заставацца палітвязні, якія патрапілі туды ў выніку такіх самых выбараў. Да таго ж без зменаў у выбарчае заканадаўства, ніякага падліку галасоў не будзе.

 

Беручы ўдзел у “выбарах”, мы зноў пагаджаемся гуляць з шулерам. А спадзявацца выйграць у яго – зусім несур’ёзна. Мы зноў будзем наступаць на старыя граблі. Які сэнс гуляць у гульні без правілаў? Удзельнічаць у “выбарах” – значыць легітымізаваць гэты рэжым. Займацца гэтым не хочацца.

 

– Як да “выбараў” ставяцца прадстаўнікі іншых дэмакратычных партый і арганізацый вобласьці?

 

У нашай вобласці дэмакратычныя сілы таксама выступаюць за байкот. Так, у Бабруйску ўжо восем партый і арганізацый падпісалі пагадненне аб байкоце. Ідуць перамовы аб далучэнні да байкоту і ў Магілёве. Вусна там ўсе за, але пісьмовага пагаднення пакуль няма.

 

– А якое стаўленне да “выбараў” у простага насельніцтва?

 

Жыхарам гораду мы тлумачым, што ў краіне няма выбараў, галасы не лічацца, а “перамагаюць” тыя, каго палічаць патрэбным улады. Яшчэ ніводзін з дэпутатаў ніколі не выступіў у абарону сваіх выбаршчыкаў. Ніхто з іх ні слова не сказаў, калі Беларусь за мінулы год стала самай беднай краінай у Еўропе.

 

Мы заклікаем людзей не ісці на выбарчыя ўчасткі, бо гэта не мае сэнсу. За 17 гадоў кіраўнікі выбарчых камісій так лоўка навучыліся фальсіфікаваць вынікі, што й камар носу не падточыць.

 

Увогуле ж 80% простых грамадзян, з якімі мы размаўлялі, выступаюць за байкот і не збіраюцца ісці на “выбары”. Яшчэ ў 2008 годзе, калі я балатавалася ў парламент, мы прыкладвалі шмат намаганняў, каб людзі паставілі за мяне свой подпіс. Людзі ўжо тады не разумелі, навошта мы ў гэтым удзельнічаем, калі выбараў няма. Але мы ўдзельнічалі і заставаліся з носам. Больш гэтым займацца я не збіраюся. 

Болей навін