Тацяна Севярынец: агітаваць і яднацца трэба не на “выбарах”
Віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Тацяна Севярынец абвяргае меркаванне, што ўдзел у “выбарах” дапаможа правесці агітацыю. Паводле яе словаў, камунікаваць з людзьмі трэба не толькі падчас выбараў, але ўвесь час.
– Як вы ставіцеся да парламенціх “выбараў”?
Я выступаю за актыўны байкот выбараў у “палатку”. Мы не прызнаем легітымным дзейсны парламент, дык чаму мы павінны легітымізаваць яго зараз сваім удзелам у “выбарах”? Калі мы зараз будзем удзельнічаць у выбарах у новы парламент, значыць мы прызнаем легітымнасць папярэдняга. І гэта дзіўна, прычым не толькі для нас, нашых грамадзян, але і для іншых краін, якія таксама лічаць беларускі парламент нелігітымным.
Мая пазіцыя адназначная і яна супадае з пазіцыяй БХД, якая была зацверджана рашэннем Нацыянальнай Рады. Калі ўлады да 25 сакавіка не выконваюць шэраг нашых ультыматыўных ўмоваў, мы абвяшчаем актыўны байкот выбараў.
– Але ж некаторыя лічаць, што ўдзел у “выбарах” дапаможа данесці сваю пазіцыю да простых людзей?
Так, некаторыя заяўляюць, што удзел у “выбарах” дасць магчымасць для агітацыі, прапаганды і піяру. Але тым самым тыя, хто будзе ўдзельнічаць у “выбарах”, будуць мабілізаваць людзей на ўчасткі, падыгрываць рэжыму. Зняццё ж кандыдатаў за некалькі дзён да выбараў большасць людзей успрыме як падман.
Звычайным людзям нецікава палітыка, яны ў ёй не разбіраюцца. Яны разумеюць, што іх жыццё пагоршылася, што жыць стала горш, а ад дэпутатаў нічога не залежыць, бо краінай кіруе дыктатар. Ім неабходна тлумачыць, што, калі яны прыйдуць галасаваць, іхны голас, за што ці за каго б яны не прагаласавалі, не будзе падлічаны, што вынікі будуць падтасаваныя так, як гэта трэба Лукашэнку.
У мяне ёсць добры досвед удзелу ў выбарчых кампаніях і я ведаю, што ў нашай краіне галасы выбаршчыкаў нічога не вырашаюць. У 2008 годзе я сама брала ўдзел у выбарах у парламент. Тады за дзень да пачатку датэрміновага галасавання я зняла сваю кандытатуру. Дык людзі мяне вінавацілі ў тым, што я іх падставіла, падманула. Таму я кажу, што ў ніякім разе нельга балатавацца ў гэты парламент.
А агітаваць і весці прапаганду можна і зараз, без удзелу ў выбарах: праз улёткі, праз СМІ, камунікаваць з людзьмі, дапамагаць ім у вырашэнні іх праблем. У нас, дарэчы, ёсць цудоўная пляцоўка для гэтага – Рада Народных Дэпутатаў, у межах якой мы працуем з людзьмі ўвесь час.
– Ці ёсць магчымасці супрацы БХД з тымі, хто выступае за ўдзел у выбарах?
Я лічу, што мы павінны супрацоўнічаць з іншымі дэмакратычнымі сіламі, беручы ўдзел у працы выбарчых камісій, у назіранні. Мы павінны зафіксаваць колькасць людзей, якія рэальна прыйдуць на выбары, а не тыя лічбы, якія абвесцяць пасля ўлады.