Біскуп Сяргей Хоміч просіць ГУУС Мінска растлумачыць штурм хаты пастара
Біскуп Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай (АЦ ХВЕ) Сяргей Хоміч папрасіў начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Барсукова даць афіцыйнае тлумачэнне штурму дома пастара царквы “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна, – паведамляе Хрысціянскі Мегапартал invictory.org.
Пра гэта ён заявіў у сваім лісце начальніку ГУУС, копія якога таксама адпраўлена Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніду Гуляка.
“Прашу даць афіцыйнае тлумачэнне з нагоды падзеяў 8 лютага ў доме пастара царквы “Ян Прадвеснік”, – гаворыцца ў лісце.
Біскуп таксама адзначыў, што неправавыя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў вядуць да павелічэння напружанасці ў беларускім грамадстве і дэстабілізуюць рэлігійную сітуацыю ў краіне.
“Мяне глыбока непакоіць той факт, што падобнае можа адбывацца ў нашай краіне, што людзі, якія не ажыццяўляюць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, могуць быць затрыманыя, вывезены невядомымі людзьмі ў невядомым кірунку, іх дом можа быць разгромлены, і ніхто, у тым ліку і супрацоўнікі праваахоўных органаў, не можа растлумачыць, што ж адбываецца. Тым больш незразумелыя гэтыя дзеянні ў адносінах да вернікаў, служыцеляў царквы, чыя дзейнасць ажыццяўляецца ў рамках статутнай дзейнасці зарэгістраванай абшчыны”, – падкрэсліў у сваім лісце біскуп Сяргей Хоміч.
Нагадаем, што 8 лютага ў прыватны дом, дзе пражывае пастар Антоній Бокун з сям’ёй, уварваліся людзі ў камуфляжы, разбіўшы вокны ў пакоі і на кухні, нягледзячы на тое, што дзверы былі не зачыненыя.
У доме праходзіла сустрэча “Ліцвінскага клуба”, на якую сабралася каля 50 чалавек. З іх 32 чалавекі пасадзілі ў аўтобус і адвезлі ў Маскоўскае РУУС, затым праз некалькі гадзін адпусцілі.