14 лютага 2012 году ў Беларусі адбылася чарговая фальсіфікацыя вынікаў галасавання
“Трагедыя ў Беларусі: Алёна Ланская выйграла “Еўрафэст 2012”. Пад такім загалоўкам выдаў паведамленне аб выніках беларускага нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2012” неафіцыйны сайт гэтага музычнага конкурсу wiwibloggs.com. “Узброеная дрэнным тэкстам, таннай сукенкай і спрэчнымі інтанацыямі, Алёна Ланская выйграла права прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні-2012″, – гаворыцца на сайце. – Нацыя павінна быць у жалобе!”.
У адрозненне ад вынікаў галасавання тэлегледачоў і журы, сярод інтэрнэт-аўдыторыі Ланская не карыстаецца асаблівай папулярнасцю. На тым жа неафіцыйным сайце Еўрабачання ў апытанні перамог гурт Litesound – за яго аддалі галасы амаль 48% тых, хто прыняў удзел у апытанні, а Ланская апынулася на трэцім месцы (10,45%), саступіўшы яшчэ і Гюнэш (11,9%).
У апытанні інтэрнэт-газеты Naviny.by Гюнэш аддалі 8,3% галасоў, Litesound – 8,0%, Алене Ланской – 2,6%. А 78,1% задаліся пытаннем, “ці ёсць розніца”.
Паводле апытання газеты “Камсамольская праўда ў Беларусі”, перамога на “Еўрафэсце” павінна была дастацца Litesound, за якую прагаласавалі амаль 37% (859 чалавек) удзельнікаў апытання, другое месца чытачы газеты аддалі Гюнэш (амаль 30%), а Алёна Ланская – зноў трэцяя (18,3%).
У апытанні прысвечанай «Еўрафэсту» суполкі ў сацсеткі «Вконтакте» Ланская размясцілася і зусім на чацвёртым месцы, найбольшую колькасць галасоў карыстальнікі аддалі Litesound (49,33%).
У цэлым жа ўдзельнікі супольнасці не вераць у аб’ектыўнасць конкурсу. Амаль 93% апытаных лічаць вынікі несумленнымі.