Прымі ўдзел у V Агульнанацыянальнай дыктоўкцы
Тэлеканал «Белсат» падтрымлівае V Агульнанацыянальную дыктоўку, якая пачнецца 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Яна пройдзе за тры этапы, наступныя два запланаваныя на 15 і 25 сакавіка. Сёлетнюю дыктоўку традыцыйна арганізоўвае Таварыства беларускай мовы (ТБМ).
Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа: «Нашая мэта – заклікаць людзей да дыктоўкі, даць ім тэксты, а далей ужо ідзе вольны валанцёрскі рух».
Дыктоўка валанцёрская, а значыць пісаць яе можна не толькі на сядзібе ТБМ, на ўроках літаратуры, слухаючы радыё або ўключыўшы «Белсат», але і зладзіўшы дыктоўку разам са сваімі блізкімі ды сябрамі.
Сёлетнюю дыктоўку арганізатары прысвяцілі юбілеям трох беларускіх літаратараў: Максіма Танка, Якуба Коласа і Янкі Купалы. Тэксты прапаноўваюцца на выбар – гэта праграмны верш Максіма Танка і малавядомы ліст Янкі Купалы.
Зміцер Саўка, кіраўнік моўнай службы «Белсату», зазначае: «Дыктоўка – гэта арыгінальны спосаб заявіць пра ненармальнасць сітуацыі. Калі б у нас беларуская мова займала належнае месца ў штодзённасці, то, відаць, людзі б «пісалі дыктоўку» штодня. Інакш кажучы, яны запаўнялі б нейкія бланкі, яны пісалі б штосьці сваім калегам. А тут мы паказваем, што мала беларускай мовы ў штодзённасці, мала мы ёй карыстаемся. Давайце рабіць гэта часцей. І вось наўмыснасць такога, у пэўным сэнсе бессэнсоўнага дзеяння напаўняе яго не фармальным, а сімвалічным сэнсам».
Сімвалічныя выявы Максіма Танка, Якуба Коласа і Янкі Купалы будуць прысутнічаць на паперы і асадках, якія ўдзельнікі дыктоўкі атрымаюць ад «Белсату».
Пераможцы дыктоўкі ў кожным з пяці гарадоў – Менск, Горадня, Магілёў, Баранавічы і Ліда – атрымаюць ад незалежнага тэлеканалу каштоўныя прызы. Якія? Пра гэта «Белсат» паведаміць напярэдадні дыктоўкі.
«Беларуская мова павінна быць у нашай штодзённасці, і дыктоўка павінна быць штодня ў кожнага чалавека, які ўмее пісаць. На жаль, гэтага няма, таму мы робім дыктоўку наўмысна», – падкрэслівае Зміцер Саўка.
Дыктоўку можна будзе напісаць і праз інтэрнэт. Відэадыктоўка, прачытаная славутаю беларускаю тэлевядоўцаю Зінаідаю Бандарэнкаю, будзе размешчаная на сайце www.belsat.eu.