Суд над затрыманымі ў Віцебску адбудзецца заўтра аб 11-й гадзіне

21 лютага 2012 16:15  |  Палітыка

Суд над затрыманымі ў Віцебску актывістамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Маладога Фронту адбудзецца 22 лютага ў Віцебскім раённым судзе. Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміў актывіст БХД Павал Сітнік, на машыне якога затрыманыя накіроўваліся ў Віцебск.

 

Ён распавёў, што актывістаў вызвалілі пасля таго, як яны хадайнічалі, каб іх абараняў адвакат, якому яны давяраюць. Ім далі менш за 16 гадзін, каб з’ездзіць у Менск, заключыць дамову з адвакатам і вярнуцца на суд у Віцебск.

 

Пры гэтым пасля вызвалення з суду актывістаў зноў пасадзілі ў міліцэйскую машыну і завезлі ў РАУС, дзе пачалі фатаграфаваць і здымаць адбіткі пальцаў.

 

“Як нам шэптам і паўшэптам распавялі міліцыянты, нашу машыну вялі ад самога Менска. Яны лічылі нас найбольш небяспечнымі, бо, на іх думку, мы маглі ўчыніць акцыю. Таму было вырашына нас затрымаць. Што і было зроблена”, – адзначыў Павал Сітнік.

 

Нагадаем, што ў Віцебску на вуліцы Броўкі 21 лютага затрымалі пяцёх актывістаў БХД і МФ (Паўла Сітніка, Уладзя Яроменку, Рамана Васільева, Міхаіла Мускага, Змітра Крэмянецкага), якія ехалі з Менску на суд над мясцовым актывістам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.

Болей навін