Пакутніцы ГУЛАГу Надзеі Дземідовіч – 85. Павіншуем разам!
24 лютага свой 85-гадовы юбілей адзначае адна з найстарэйшых удзельніцаў беларускага адраджэнскага руху, былая зьняволеная сталінскага ГУЛАГу, паэтка Надзея Раманаўна Дземідовіч. Сябры БХД шчыра віншуюць яе зь днём народзінаў, жадаюць моцнага здароўя, супакою, Божага дабраславеньня, а таксама дачакацца мэты яе жыцьця – волі для любай Беларусі.
З гэтай нагоды ў нядзелю 26 лютага кампанія БХД Пакаяньне і Маладыя хрысьціянскія дэмакраты прапануюць некалькім ахвотным маладым людзям разам наведаць Надзею Раманаўну, якая жыве ў Калодзішчах, каб павіншаваць яе з юбілеем, паслухаць успаміны і ды напісаць разам Агульнанацыянальную дыктоўку.
Выезд у Калодзішчы запланаваны на 12 гадзінаў. Тым, хто хоча далучыцца, могуць скантактавацца па тэлефоне 571-26-11 (МТС, Валерыя), альбо паведаміць пра сваё жаданьне ў сустрэчах укантакцеі ў фэйсбуку. Удзельнікі павінны скінуцца на пачастунак і на бел-чырвона-белыя кветкі (у залежнасьці ад колькасьці людзей прыкладна па 10-15 т.).
Надзея Раманаўна – гэта жанчына вялікага сэрца і шчырай душы, якую не зламалі ні катаваньні, на сталінскія лагеры, ні пазьнейшая адзінота (ГУЛАГ пакінуў яе без уласнай сям’і). Яна сапраўдная хрысьціянка, усім даруе, і за ўсіх перажывае, але асабліва за “людзей сваёй душы”, за шчырых беларусаў, якія зараз вымушаныя ўспадчваць яе пакутніцкі лёс. Сэнсам яе жыцьця стала сьведчаньне пра тое, што яна перажыла, каб гэта больш не паўтаралася. А найбольшае шчасьце для яе – бачыць і чуць беларускую моладзь.
Біяграфію, фота і відэа Надзеі Раманаўны Дземідовіч можна паглядзець тут.