У Бабруйску адзначылі дзень народзінаў Яўгена Васьковіча (фота)
У Бабруйску 27 лютага адбылася вечарына, прымеркаваная да дня народзінаў сябра БХД, палітвязня Яўгена Васьковіча і прысвечаная ўсім палітычным зняволеным у Беларусі. На ёй сярод іншых прысутчнічалі бабулі Васьковіча – Тамара Уладзіміраўна і Зоя Іванаўна, якія зачыталі ліст падзякі ўсім, хто дапамагае іх сям’і.
Мерапрыемства арганізавалі сябры бабруйскай філіі БХД супольна з іншымі сябрамі Бабруйскай рады дэмакратычных сілаў. На вечарыне быў паказаны слайд-фільм Вольгі Мікалайчык “Палітвязні” і прэзэнтаваная літаратура, прысвечаная беларускім палітвязням ад часоў сталінскіх рэпрэсіяў.
Свае вершы на вечарыне чытаў Анатоль Санаценка, рэдактар інтэрнэт-выданьня Бабруйскі кур’ер, у якім да арышту працаваў Яўген Васьковіч. Адзін з вершаў Санаценка адмыслова прысвяціў Яўгену да яго дня народзінаў.
Бабулям Яўгена Васьковіча ўручалі цукеркі і падарункі, казалі добрыя, шчырыя словы падтрымкі. Абласная каардынатарка БХД Таісія Кабанчук падарыла бабулям радыёпрымач “Акіян”, каб яны маглі слухаць радыё “Свабода”. Гэты прыймач падаравалі Таісіі Карпаўне ў 1997 годзе. Тады яе сын, былы палітвязень Вадзім Кабанчук быў зняволены за ўдзел у акцыі пратэсту, і радыёпрымач дапамагаў ёй слухаць навіны “Радыё Свабода”. Праз паўгода Вадзіма вызвалілі. Таісія Кабанчук пажадала абедзвюм бабулям, каб іх унука вызвалілі значна раней.