Георгі Дзмітрук: Беларусь чакаюць пасадкі і арышты

28 лютага 2012 18:27  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук пракаментаваў сітуацыю з адкліканнем беларускіх дыпламатаў з Польшчы і ЕС, а таксама прапановай уладаў кіраўнікам дыпмісій Польшчы і ЕС пакінуць Беларусь.

 

“У шахматах, калі партыя ідзе да заканчэння, ёсць такая частка гульні, якая называецца эндшпіль. Гэта, калі усе пазіцыйныя хады зробленыя і пачынаецца актыўная гульня фігурамі. Нешта падобнае мы маем сёння ў Беларусі. Улады будуць выпрабоўваць сваю моц у краіне, магчыма, зменяцца ўмовы правядзення выбараў. Зараз варта чакаць хаатычных, нічым не абгрунтаваных крокаў улады: чарговых ператрусаў, арыштаў, пасадак актывістаў”, – адзначыў ён.

 

“Сітуацыя ў дачыненні да Беларусі яшчэ больш пагоршыцца пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, калі там пераможа Уладзімір Пуцін. Стаўленне расійскай улады да Беларусі вельмі хутка зменіцца, і ў выніку мы атрымаем пагаршэнне адносінаў як з Захадам, так і з Усходам. Я думаю, што гэта ўсё будзе працягвацца недзе да чэрвеня, калі Беларусі спатрэбяцца чарговыя траншы для выплаты крэдытаў. Усё залежыць ад таго, наколькі ЕС і Лукашэнка будуць трывалыя ў сваіх пазіцыях і на колькі яны будуць здольныя пайсці на кампрамісы”, – падкрэсліў Георгі Дзмітрук.

Болей навін