Віталь Рымашэўскі: улады топчуць Канстытуцыю
“Думаю, што гэты ўчынак ніяк не звязаны з увядзеннем санкцый з боку Еўрасаюза”, – сказаў у інтэрв’ю UDF.BY сустаршыня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
Так палітык пракаментаваў інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ аб тым, што беларускія ўлады разглядаюць магчымасць абмежавання выезду з краіны для асоб, якія прама заклікалі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Пра гэта парталу TUT.BY паведаміла крыніца, блізкая да кіраўніцтва краіны.
“Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць канстытуцыйнае права выказваць сваё меркаванне па палітычных пытаннях. І адпаведна ўвядзенне любых абмежаванняў на выезд для грамадзян РБ – у дадзеным выпадку за іх думкі і выказванні – груба парушае Канстытуцыю і правы чалавека ў нашай краіне. Гэта рэпрэсіі ў дачыненні да шэрагу беларускіх грамадзян, прычым вядомых: журналістаў, палітыкаў і актывістаў недзяржаўных арганізацый”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Як стала вядома TUT.BY, папярэдне ў спісе значыцца 108 прозвішчаў, у тым ліку былога старшыні Вярхоўнага савета Беларусі Станіслава Шушкевіча, старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну Літвіну.
Нагадаем, што ў панядзелак Рада міністраў замежных спраў краін Еўразвяза прыняла рашэнне аб пашырэнні спісу беларускіх чыноўнікаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС. Спіс папоўніла 21 прозвішча, сярод якіх начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў і суддзі раённых судоў Мінска.
У адказ на гэта рушыла ўслед жорсткая рэакцыя беларускага МЗС: рашэнне аб адклiканнi беларускіх паслоў з Варшавы і Брусэлю, а таксама рэкамендацыя Польшчы і ЕС адклікаць сваіх паслоў з Мінска. Па выніках экстраных кансультацый у Брусэлі 28 лютага было прынята рашэнне аб адклiканнi з Мінска кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў ўсіх краін ЕС.