Каталіцкі Касцёл пра перанос выходных: пост не для гучных забаваў
Працоўны дзень з пятніцы 9 сакавіка пераносіцца на нядзелю 11 сакавіка. У сувязі з гэтым шматлікія католікі выказалі сваю разгубленасць, паколькі нядзеля з’яўляецца днём Пана, а ўдзел у нядзельнай літургіі — абавязковы.
У Кампендыі Сацыяльнага вучэння Касцёла чытаем: «Вернікі ў нядзелю і ў іншыя ўстаноўленыя святочныя дні павінны ўстрымлівацца ад „выканання працы або дзейнасці, якія перашкаджаюць здзяйсненню належнага культу Богу, радасці, уласцівай дню Пана, ажыццяўленню ўчынкаў міласэрнасці і неабходнаму духоўнаму і фізічнаму адпачынку“».
Аднак, як адзначыў прэс-сакратар епіскапату Беларусі кс. Юрый Санько, праца ў нядзелю 11 сакавіка не будзе грахом, паколькі людзі не самі добраахвотна гэта выбралі, а, па сутнасці, іх прымушаюць працаваць. Варта толькі паспрабаваць вечарам ці раніцай патрапіць на літургію. У некаторых касцёлах нядзельная Імша праходзіць у суботу ўвечары.
У інтэрв’ю kp.by святар дадаў, што працоўным днём лепш было зрабіць наступную суботу. «Даўно ўжо пара, каб у нашай свядомасці нядзеля стала днём для сям’і. У першую чаргу, вядома, для Бога. Пасля таго, як вернік пабывае ў святыні, ён праводзіць нядзелю са сваёй сям’ёй. А калі вырываюць з тыдня дзень для душы, атрымліваецца, што тыдзень становіцца цалкам бездухоўным. Тым больш цяпер час Вялікага посту. Чым людзі будуць займацца ў гэтыя тры выходных дня? Напэўна, адзначаць весела. Але ж адна з запаведзяў Каталіцкага Касцёла — не ладзіць падчас посту гучных забаваў», — дадаў кс. Юрый Санько.