За Уладзем Яроменкам могуць усталяваць прэвентыўны нагляд
15 сакавіка ў судзе Перашамайскага раёну Менска адбудзецца судовае паседжаньне, на якім будзе вырашацца пытаньне аб усталяваньні прэвентыўнага нагляду за былым палітвязьнем, сябрам БХД Уладзімерам Яроменкам. Судовае паседжаньне пачнецца а 14-й гадзіне.
11 сакавіка суд Ленінскага раёну Менска прызнаў Уладзімера Яроменка вінаватым у парушэньні артыкула 23.34 КаАП РБ (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і пакараў арыштам на 15 сутак. за ўдзел у акцыі-перфомансе, што адбылася 29 лютага калі будынку Міністэрства замежных спраў Беларусі “Падцярыцеся!”. Тады невядомыя юнакі закідалі МЗС рулонамі туалетнай паперы.
22 лютага суд Віцебскага раёну завочна асудзіў актывіста па арт. 17.1 КаАП РБ (“Дробнае хуліганства”). Уладзімер Яроменак быў пакараны 3 суткамі арышту нібыта за нецэнзурную лаянку на адрас супрацоўнікаў ДАІ, якія 21 лютага спынілі машыну, у якой ён разам з паплечнікамі ехаў у Віцебск на працэс Сяргея Каваленкі.
За ўдзел у акцыі салідарнасьці ў гадавіну выбараў, якая прайшла 19 сьнежня 2011 году, Уладзімер Яроменак быў пакараны арыштам на 15 сутак. За спробу вывесіць нацыянальныя сьцягі ў Менску 19 верасьня 2011 году актывіст адседзеў 12 сутак.
14 траўня 2011 г. судом Партызанскага раёну Менска Уладзімер Яроменак быў асуджаны на 3 гады зняволення па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (удзел у масавых беспарадках). Адбываў пакараньне ў калоніі «Віцьба» пад Віцебскам. 11 жніўня 2011 г. ён быў памілаваны і вызвалены.
З моманту вызваленьня за актывістам вялося прафілактычнае назіраньне ў адпаведнасьці з арт. 196 Крымінальна-выканаўчага кодэксу. У адпаведнасьці з арт. 80 Крымінальнага кодэксу пасьля трэцяга прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці за Уладзімерам Яроменкам можа быць усталяваны прэвентыўны нагляд.