Рагачоўскія актывісты сабралі каля 300 подпісаў за правядзенне Дажынак у Рагачове
Рагачоўскія актывісты ўжо сабралі 200-300 подпісаў за правядзенне Дажынак у іхным горадзе. Пра гэта прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі паведаміў мясцовы каардынатар БХД Дзяніс Дашкевіч.
Паводле яго словаў, напачатку наступнага тыдня будзе агучаная больш дакладная лічба. Увогуле актывіст разлічвае сабраць каля 3 тыс. подпісаў.
“Напачатку “Дажынкі-2013” мусілі прайсці ў Рагачове. Яшчэ 11 лютага раённая газета пісала пра гэта. Людзі спадзяваліся, што, дзякуючы ім, горад будзе адрамантаваны, упрыгожаны. Але пасля ўлады перанеслі “Дажынкі” ў Гомель. Рагачоўцы абураныя гэтым, яны ўспрынялі адмову вельмі блізка да сэрца”, – адзначыў ён.
Апроч таго, Дзяніс Дашкевіч мае намер у межах кампаніі “Вернем Дажынкі ў Рагачоў” правесці сход грамадзянаў. Ён адзначыў, што ўлады пасля ўзгаднення пэўных фармальнасцяў гатовыя вылучыць для яго правядзення Раённы дом культуры.