Біскуп Кашкевіч: абласныя ўлады супраць будаўніцтва новых касцёлаў

15 сакавіка 2012 16:05  |  Грамадства

«Хацеў бы, каб беларускія ўлады ацанілі працу польскага духавенства на карысць дзяржавы як у сэнсе духоўным, так і ў матэрыяльным», — адзначыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у размове з інфармацыйным агенцтвам КАІ.

 

Іерарх указаў, між іншым, на ўдзел святароў і сясцёр законных у працы з моладдзю, накіраваную на тое, каб яны былі «добрымі грамадзянамі і стваралі Валадарства Божае на зямлі». Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўдзельнічаў ў 357-м Пленарным пасяджэнні польскага епіскапату.

 

Біскуп Кашкевіч звярнуў увагу на праблему, звязаную з візамі для польскага духавенства, якое працуе ў Беларусі. Многія атрымліваюць візы толькі на 3 месяцы. У апошні час 28 прадстаўнікоў духавенства з Польшчы атрымалі візы на паўгода. Чатыры святары пажылога ўзросту таксама атрымалі візы на 3 месяцы. «Гэтая сітуацыя няпэўнасці вельмі цяжкая для нас. Мы ўвесь час вядзём з уладамі размовы пра гэта. Нас падтрымлівае ў гэтым таксама Апостальскі нунцый», — паведаміў біскуп.

Іншай важнай праблемай, па словах іерарха, з’яўляецца атрыманне дазволу на будаўніцтва святыняў, асабліва ў новых гарадскіх раёнах. «Падобныя праблемы існуюць у Смаргоні, дзе ёсць толькі невялікі касцёльчык. Часта мясцовыя ўлады згаджаюцца на будаўніцтва, а абласныя супраць», — дадаў іерарх.

Адказваючы на пытанне аб дамове паміж Дзяржавай Ватыкан і Беларуссю, біскуп Кашкевіч адзначыў, што праца над дакументам працягваецца. «Спадзяемся, што ў хуткім часе яго тэкст будзе ўзгоднены і прадстаўлены нам», — дадаў іерарх. 

Кажучы пра цяжкую эканамічную сітуацыю ў Беларусі, біскуп узгадаў аб працы дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас», якое дапамагае найбольш патрабуючым. У Гродне дзейнічае кухня для бедных, дзе працуюць сёстры назарэтанкі. Да таго ж «Карытас» арганізуе адпачынак на канікулах для дзяцей і моладзі.

Сярод важнейшых падзей іерарх вылучыў падрыхтоўку да 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі. У межах святкавання гэтай даты адбываецца двухгадовая перэгрынацыя копіі абраза Езуса Міласэрнага па парафіях. «Асабліва мы молімся аб святарскіх пакліканнях. Іх няшмат. У гродзенскай семінарыі зараз вучацца 40 чалавек. Патрэбны і большы ўдзел ксяндзоў у жыцці парафіі і працы з моладдзю. Мы арганізуем сустрэчы, рэкалекцыі, прысвечаныя пакліканню, і пілігрымкі, асабліва ў час канікул», — падкрэсліў біскуп.

Іерарх адзначыў вялікую дапамогу, якую аказвае Касцёл у Польшчы праз аддзел «Дапамога Касцёлу на Усходзе», што дзейнічае пры епіскапаце, — у прыватнасці матэрыяльную дапамогу падчас штогадовага Дня малітвы за Касцёл на Усходзе. «Мы ўдзячныя не толькі за матэрыяльную, але перадусім за духоўную дапамогу, асабліва за святароў, — дадаў біскуп Кашкевіч. — Найперш нам не хапае пробашчаў і вопытных душпастыраў. Хоць у нас усё яшчэ мала святароў, мы маем выдатных душпастыраў з Польшчы, якія працуюць у нас амаль 20 гадоў. Гэта вялікі дар для нашага Касцёла».

 

Болей навін