Віталь Рымашэўскі. Смяротнае пакаранне – ганьба для краіны
Беларусь з’яўляецца апошняй у Еўропе, дзе ўзаконена забойства людзей. Тым больш страшна, што гэта забойства здзяйсняецца ад імя кожнага беларуса. Гэта значыць, хочам мы таго ці не, – адказнасць ляжыць на кожным з нас.
Як палітык я заклікаю беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, у якой дзяржава валодае правам пазбаўляць людзей жыцця. Гэта выглядае варварствам і адштурхоўвае ўсе цывілізаваныя краіны свету ад Беларусі, стварае перашкоды ў палітычных адносінах, робіць негатыўным імідж нашай краіны ў свеце.
Як грамадзянін краіны я пратэстую супраць таго, каб ад імя ўсіх грамадзян Беларусі ўлады пазбаўлялі людзей жыцця. У судовай практыцы вядома нямала выпадкаў, калі нявінныя людзі былі прысуджаныя да смяротнага пакарання і забітыя. Як вядома, нявінныя ахвяры былі ва ўсіх краінах, дзе ўжывалася смяротнае пакаранне …
Калі ў выніку прымянення смяротнага пакарання можа быць забіты хоць адзін нявінны чалавек, то адно гэта патрабуе неадкладнага спынення практыкі ўзаконеных забойстваў.
Як хрысціянін ведаю, што права даваць і забіраць жыццё ў чалавека мае толькі Бог. Дваццатае стагоддзе перапоўнены ахвярамі таталітарных рэжымаў. У фашысцкай Германіі і Савецкім Саюзе абсалютна законна, згодна з легітымна прынятымі ў іх законамі, забілі мільёны людзей, у тым ліку сотні тысяч хрысціянаў за іх веру.
Хрыстос быў асуджаны па юдэйскіх і рымскіх законах і пакараны смерцю. Значыць, Ён таксама – адна з ахвяраў нявінна асуджаных на смерць. І наш абавязак як хрысціян, у імя шматлікіх тысяч пакутнікаў, у імя Хрыста, – абараняць жыццё.
Беларускія ўлады за апошні год зрабілі шмат дурных памылак, якія падарвалі да іх давер народа і міжнароднай супольнасці. Сёння афіцыйнай версіі не верыць большасць беларусаў, яны звязваюць тэракты не з абвінавачанымі, а з уладамі. Смяротныя прысуды абвінавачаным толькі ўзмоцняць гэта недавер. Вельмі негатыўнай будзе і рэакцыя заходніх краін.
У цяперашні час справа Канавалава і Кавалёва адпраўлена на разгляд у Камітэт па правах чалавека ААН. Згодна з міжнароднымі пагадненнямі, якія падпісала Рэспубліка Беларусь, прысуд не павінен выконвацца, пакуль ААН не вынесе свой вердыкт па гэтай справе.
Ва ўладаў застаўся апошні шанец прыняць правільнае рашэнне – дачакацца заключэння ААН і адмяніць смяротны прысуд.