Адбылося папярэдняе слуханне па пазове БХД да ДК МТЗ
19 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна Менска прайшло папярэдняе слуханне па пазове аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” супраць Палацу культуры Менскага трактарнага завода.
Судовае пасяджанне па пазове прызначана на 2 красавіка.
“Для нас важна яшчэ раз засведчыць у судзе, што такое беззаконне, калі падчас мерапрыемства на загад дырэктара ПК МТЗ у залі выключаецца святло, недапушчальнае. Але мы разумеем, што справядлівай і незалежнай судовай сістэмы ў Беларусі няма. Таму мы не маем ніякіх ілюзій наконт вынікаў суду, але сваю пазіцыю мы працягнем праз яго даносіць”, – адзначыў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.
Нагадаем, што падчас з’езду БХД 17 снежня а 17:30 па асабістым загадзе дырэктара ПК МТЗ у актавай залі, дзе адбываўся з’езд, было адключана асвятленне. Пры гэтым арэнда залі была своечасова і цалкам аплачана да 19:00. Асвятленне было адключанае, калі на сцэне з’явіўся забаронены беларускі музыка Лявон Вольскі.