Удзельнікі круглага стала “Яднанне дзеля вызвалення” выступаюць за ўвядзенне санкцый
Група “За волю”, у якую ўваходзяць родныя палітзняволеных, палітыкі, праваабаронцы, блогеры, грамадзкі актывісты, у тым ліку і сябры БХД, заклікае беларускіх палітыкаў агітаваць еўрапейскія структуры за ўвядзення эканамічных санкцый, а таксама просіць дэмакратаў аб’яднацца і не ўдзельнічаць у парламенцкай выбарчай кампаніі.
Такі зварот падпісалі ўдзельнікі адмысловага круглага стала “Яднанне дзеля вызвалення”, які адбыўся 19 сакавіка ўжо ў трэці раз. Грамадзкія актывісты і родныя асуджаных за акцыю пасля прэзідэнцкіх выбараў упэўненыя: санкцыі супраць афіцыйнага Менска ніякім чынам не паўплываюць на жыццё простых грамадзянаў, але істотна падарвуць упэўненасць тых, хто знаходзіцца пры ўладзе.
Па словах арганізатаркі круглага стала каталіцкай актывісткі, сяброўкі БХД Юліі Фраловай, дэмакратычныя палітыкі проста абавязаны прыслухацца да меркавання сваякоў іх зняволеных паплечнікаў.
– Мы, удзельнікі трэцяга круглага стала па вызваленні палітвязняў, звяртаемся да ўсіх палітыкаў дэмакратычнага руху Беларусі: аб’яднайцеся дзеля вызвалення нашай краіны ад сістэмы збудаванай на падмурках хлусні і страху. Мы заклікаем стварыць адзіны фронт вызвалення Беларусі і выпрацаваць адзіную пазіцыю на міжнародным узроўні, падтрымаць усялякія санкцыі, якія дапамогуць хуткамі банкротству гэтай сістэмы. Свабодных выбараў няма і ўдзелу ў іх не можа быць.
У сваёй заяве родныя палітвязняў адзначаюць, што цалкам падтрымліваюць рашэнне Еўрапейскага саюза аб стварэнні спісу невыяздных з Беларусі чыноўнікаў, датычных да пераследу грамадзянскіх актывістаў.
Апроч гэтага сваякі палітвязняў прывіталі выезд з Менска амбасадараў краін-сябраў ЕС. На думку ўдзельнікаў круглага стала, гэты крок быў вельмі моцным у справе ціску на беларускі рэжым, які неабходна пашыраць да вызвалення і рэабілітацыі ўсіх несправядліва асуджаных.
Круглы стол распачаўся і скончыўся з малітвы.