Міліцыя пасадзіла на суткі… машыну Вадзіма Кабанчука
Сябар Нацыянальнай рады аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Вадзім Кабанчук, затрыманы ўдзень ля Опернага тэатра, без тлумачэння прычынаў быў адпушчаны каля 18-й гадзіны з Цэнтральнага РАУС Менска.
Пры гэтым ягоны аўтамабіль, якім ён кіраваў падчас затрымання, застаўся ў міліцыі. Па словах міліцыянтаў, яго нумары будуць правяраць на магчымасць угону. Вернуць аўтамабіль сябру БХД толькі праз некалькі дзён.
Нагадаем, што ў Менску ля Опернага тэатра міліцыянты 25 сакавіка спынілі аўтамабіль Вадзіма Кабанчука, а самога яго затрымалі. За машынай людзі ў цывільным з рацыямі сачылі яшчэ пры выездзе з двару, дзе знаходзіцца офіс БХД. Аднак затрымаць яе вырашылі толькі ля Опернага тэатра. Актывісты, якія разам з Вадзімам Кабанчуком знаходзіліся ў аўто, здолелі ўцячы, не будучы затрыманымі. У аўтамабілі знаходзіўся шэраг матэрыялаў і расцяжка да мітынгу на Дзень Волі.
Відавочна, што затрыманне Вадзіма Кабанчука і арышт ягонага аўтамабіля звязаныя з мітынгам і шэсцем на Дзень Волі, якія сёння прайшлі ў Менску.