З 25 сакавіка БХД распачынае актыўную кампанію байкоту (Фота, відэа)
Згодна з рашэннем Нацыянальнай Рады БХД, якая адбылася ў суботу 24 сакавіка, і вынікамі галасавання на мітынгу Дзень Волі-2012 Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя з 25 сакавіка распачынае актыўную кампанію байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі заявіў сустаршыня БХД, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.
Паводле Рымашэўскага, БХД вылучала шэраг патрабаванні да ўладаў: вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, змена выбарчага заканадаўства, рэгістрацыя БХД і іншых арганізацыяў, свабодны доступ да СМІ. Паколькі гэтыя патрабаванні не былі выкананыя да Дня Волі, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя разгортвае кампанію актыўнага байкоту.
БХД будзе вылучаць лідэраў кампаніі байкота ў рэгіёнах. У кампаніі будуць выкарыстоўвацца як традыцыйныя метады вядзеньня камапніі, такія як абыход кватэраў, пікеты, улёткі, так і актыўная праца ў інтэрнэт-супольнасьцях і ў сацыяльных сетках. Таксама БХД будзе праводзіць кампанію актыўнага назіраньня за яўкай выбаршчыкаў, тобок фіксацыя байкоту.
Як падкрэсліў Віталь Рымашэўскі, БХД будзе заахвочваць як мага больш незаангажаваных людзей, простых грамадзянаў вылучацца ў выбарчыя камісіі ды станавіцца назіральнікамі, каб самім пераканацца ў адсутнасці ў Беларусі свабодных і сумленных выбараў. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя таксама ініцыюе стварэньне рэгіянальных кааліцыяў для больш эфектыўнага вядзення кампаніі байкоту, заклікае ўсе дэмакратычныя сілы далучацца і супольна правесці Ўсебеларускі народны З’езд.
Паводле сустрашыні МХД Марыны Хоміч, Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты ініцыююць актыўную кампанію байкоту сярод моладзі і студэнтаў і заклікаюць далучацца да гэтай кампаніі ўсе моладзевыя арганізацыі.