“За Волю” патрабуе спыніць тэрор супраць грамадзян Беларусі

29 сакавіка 2012 11:03  |  Палітыка

Група “За волю” на сваім паседжанні 28 сакавіка прыняла зварот да сілавых структур Беларусі, у якім заклікала іх спыніць тэрор супраць грамадзян Беларусі.                                 

 

 Адкрыты Зварот групы “За Волю”

 да  супрацоўнікаў  МВД, КДБ  і іншых сілавых структур Рэспублікі Беларусь.

 Спыніць тэрор супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь!                    

 

 

Апошнім часам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбываюцца вельмі небяспечныя, агрэсіўныя, гвалтоўныя падзеі, якія  вызваюць у грамадзянскага насельніцтва абурэнне, пратэст, нязгоду. Так:

 

17 лістапада 2011 г. у  Менску  на  Трактарным пасёлку «людзі  ў цывільным  затрымлівалі і збівалі непаўнагадовых . Затрыманым не дазвалялі тэлефанаваць бацькам, адабралі тэлефоны, а калі бацькі прыехалі ў РАУС і  патрабавалі вызвалення сваіх дзяцей, супрацоўнікі АМАПу ачапілі будынак і не дазвалялі бацькам атрымаць інфармацыю. З парушэннем закона  ў падлеткаў былі ўзяты адбіткі пальцаў. Дзяўчынку і хлопчыка-астматыка моцна збілі.         

 

21 лістапада 2011 г. ў Крупках  амапаўцы зладзілі сапраўднае пабоішча, затрымаўшы і збіўшы некалькі дзесяткаў чалавек. Былы намеснік міністра ўнутраных справаў і начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень падцвердзіў законнасць дзеянняў  праваахоўных органаў у Крупскім раёне Мінскай вобласці.

 

Увечары 8 лютага 2012 г. ў Менску спецназ уварваўся на паседжанне Ліцьвінскага клюбу, затрымаўшы пры гэтым 32 чалавекі, у тым ліку трох няпоўнагадовых. Затрыманне адбывалася брутальным чынам. Пры гэтым у доме, дзе праходзіла паседжанне, былі пабітыя ўсе вокны. Людзей у форме не спыніла нават  тое, што на хрысціянскай сустрэчы было шмат дзяцей. Праз тры гадзіны ўсе затрыманыя былі вызвалены з Маскоўскага РАУС.

24 сакавіка 2012 г. падчас дабрачыннага канцэрту ў падтрыманне міжнароднай ініцыятывы «Ежа замест бомбаў»  ў залу Палацу культуры Менскага трактарнага заводу ўварвалася група спецназацаўцаў. Яны затрымалі каля ста чалавек без тлумачэння прычынаў. Затрыманых збівалі, прымушалі прайсці дактыласкапію і пісаць тлумачальныя наконт дачынення да наркотыкаў. Большасць затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў.

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, пратэстуем супраць гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур, супраць злоўжывання імі  ўлады, супраць фізічнага і маральнага катавання людзей.

 

Мы лічым, што з боку сілавых структур адбываецца правакацыя супраць мірнага грамадзянскага насельніцтва, накіраваная на падрыў Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, накіраваная на  абвастрэнне грамадска-палітычнай сітуацыі  ў краіне ва  ўмовах глыбокага  эканамічнага крызісу,накіраваная на падрыў той мінімальнай стабільнасці ў грамадстве, якая пакуль яшчэ існуе.

 

Мы заклікае спыніць гэты глват і беззаконне, заклікаем сілавыя ворганы не парушаць Кантытуцыю Рэспублікі Беларусь, не парушаць Усеагульную Дэкларацыю Правоў чалавека, не парушаць Кодэкс афіцэра праваахоўных ворганаў.  Мы заклікае начальнікаў сілавых структур КДБ, МВД і інш. прынесці грамадству свае прабачэнні ,знайсці і наказаць вінаватых у гэтым гвалце і тэроры супраць свайго народу.     

28.03.2012

Удзельнікі  каардынацыйнай  групы “За Волю”

Болей навін