Віцебскія актывісты просяць міжнародную супольнасць дапамагчы ўратаваць Сяргея Каваленку (тэкст звароту)

03 красавіка 2012 21:43  |  Галоўныя навіны

Удзельнікі створанага камітэта па выратаванні сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленкі і звычайныя жыхары Віцебска накіравалі старшыні Віцебскага абласнога суда калектыўную заяву з просьбай вызваліць яго з-пад варты і перавесці ў цывільны шпіталь.

 

“Галоўнае – выратаваць жыццё чалавека. Мы не ставім ніякіх палітычных патрабаванняў,” – кажа віцебская абласная каардынатарка БХД Таццяна Севярынец.

 

“Мы напісалі заяву і я сёння аднесла яе да старшыні абласнога суда Хамічэнкі Мікалая Мікалаевіча. Ужо справу перадалі ў абласны суд. Будзе разглядацца касацыйная скарга. Мы выказалі занепакоенасць станам жыцця і здароўем Сяргея Каваленкі, просім аб змяненні мер яго ўтрымання і пераводзе ў грамадзянскі шпіталь”, – адзначыла яна.

 

Паводле яе словаў, палітычныя партыі Віцебшчыны таксама накіравалі зварот “Выратаваць Сяргея Каваленку!” лідарам краінаў Еўразвяза, Злучаных Штатаў і Расіі. “Беларусь не сёння, дык заўтра пойдзе да лідараў дзяржаў Еўразвяза, ЗША і Расіі. Вельмі кароткая просьба паўплываць на нашыя ўлады, каб змянілі меру ўтрымання, а самае галоўнае – перавялі зараз для ўратавання жыцця і паляпшэння стану здароўя Сяргея Каваленкі ў грамадзянскі шпіталь”, – кажа Таццяна Севярынец.

 

Паводле яе словаў, камітэт падтрымкі збірае сродкі на дапамогу сям’і Сяргея Каваленкі, у якога двое няпоўнагадовых дзяцей: сямігадовы сын і дачушка, якой няма яшчэ года.

 

Сяргей Каваленка зараз знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні на тэрыторыі папраўчай калоніі “Віцьба-3”, яго прымусова кормяць праз зонд.

 

Палітычным структурам Рэспублікі Беларусь

Лідэрам краін ЕЗ, ЗША, Расеі          

Грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь

 

Зварот

Мы, грамадзяне г.Віцебска, вельмі непакімся станам здароўя Каваленкі Сяргея Аляксандравіча, які галадуе больш за тры месяца. Зараз ён знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні, ПК- “Віцьба-3”. Дзеянні цюрэмнага персанала аддзялення не прыводзяць да паляпшэння яго стану і могуць выклікаць смерць. Змена рэжыму ўтрымання і перавод Каваленкі С.А. у грамадзянскі шпіталь могуць уратаваць ягонае здароўе і жыццё.

 

Мы звяртаемся да Вас, каб Вы паўплывалі на рашэнне беларускай улады ў адносінах да Каваленкі С.А. для выратавання яго жыцця.

 

Хрыстафор Жаляпаў – “Рух за Свабоду”     

Уладзіслаў Варанецкі – “Еўрапейская Беларусь”

Ян Дзяржаўцаў – “КХП-БНФ”

Канстанцін Смолікаў – “ПБНФ”

Таццяна Севярынец – аргкамітэт па стварэнню “ПБХД”

Аляксандр Кузняцоў – “Моладзь БНФ”

Зміцер Пчолкін – “Моладзь БХД”

Болей навін