Вечарына памяці Адама Станкевіча ў Слоніме

06 красавіка 2012 19:00  |  Грамадства

У нядзелю 1 красавіка з ініцыятывы сябраў БХД грамадскія актывісты Слоніма правялі вечарыну памяці, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння заснавальніка БХД, грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка, выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча (6.01.1892 – 29.11.1949).

Перад прысутнымі выступіў вядомы Слонімскі краязнаўца, журналіст, літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын. Ён распавёў прысутным пра жыццё і дзейнасць Адама Станкевіча на Слонімшчыне. У прыватнасці ён зазначыў, што да вайны Адам Станкевіч пэўны час жыў у Слоніме і вёў богаслужэнне ў касцёле бернардзінак, які знаходзіцца ў цэнтры горада. А выслалі яго сюды з Вільні за тое, што быў беларускім святаром і вёў службу на беларускай мове.

За слонімскі перыяд жыцця кс. Адамам Станкевічам быў напісаны шэраг артыкулаў і рэцэнзій. Тут, у Слоніме, ён дапамог мясцоваму паэту Анатолю Іверсу (Івану Міско) наладзіць сувязі з Вільняй дзеля выдання яго першага паэтычнага зборніка „Песьні на загонах”.

 

Нагадаем, што Нацыянальная Рада БХД  абвесціла ў межах БХД 2012 год годам памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. На паседжанні Нацыянальнай Рады быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці, які плануе з прыцягненнем шырокай беларускай грамадскасці ініцыяваць і правесці цягам гэтага году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве, шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.

 

Вечарына памяці Адама Станкевіча ў Слоніме

Болей навін