Падатковая патрабуе ад кіраўніка рагачоўскага БХД спыніць прадпрыймальніцкую дзецнасць
Падатоквая інспекцыя патрабуе ад каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” па Рагачове Дзяніса Дашкевіча, якога ў мінулым месяцы звольнілі з працы, спыніць цяпер яшчэ і сваю прадпрыймальніцкую дзейнасць.
Як паведаміў Дзяніс Дашкевіч прэс-службе БХД, на мінулым тыдні яму патэлефанавалі з Рагачоўскай падаткавай інспекцыі і запатрабавалі зачыніць ягонае ІП на той падставе, што гэтага патрабуе Гомельскі аблвыканкам:
“Як мне паведаміла нашая інспектарка, якая не назвалася, Рагачоў не ўкладваецца ў планы непрацуючых прадпрыймальнікаў, якія на мяжы банкруцтва. Таму яны просяць, каб непрацуючыя прадпрыймальнікі зачынялі свае ІП, каб зменшыць гэты працэнт.
Як індывідуальны прадпрымальнік я займаюся фота і відэаздымкамі. І гэтае патрабаванне – відавочны пераслед, бо я працую звялікай колькасцю людзей, і яны атрымліваюць ад мяне альтэрнатыўную інфармацыю. Мая дзейнасць стварае наўпроставую канкурэнцыю мясцоваму Камбінату бытавога абслугоўвання. Былі выпадкі, што ў адзеле ЗАГСу адмыслова папярэджвалі, каб не замаўляць здымкі вяселляў у Дашкевіча.
Увогуле, у мяне вельмі напружаныя адносіны з мясцовай уладай, у мінулым годзе на мяне дасылалі шмат праверак, у тым ліку падаткавая інспекцыя, а таксама фінансавая міліцыя, КДБ. Было столькі праверак, што склалася ўражаньне, быццам я займаюся не фотаздымкамі, а трымаю некалькі заводаў, бо апошні раз фінансавая міліцыя займалася расследваннем скандалу на нашым Рагачоўскім малочна-кансервавым камбінаце. Тады быў вельмі гучны скандал, які дакаціўся да Расеі. А пасля яны ўзяліся за мяне,” – распавядае Дзяніс Дашкевіч.
Нагадаем, што ў Рагачове зараз праходзіць працэс, у якім рэдактар газеты “Свабоднага слова” высунуў абвінавачванні ў плагіяце супраць Дзяніса Дашкевіча, незразумела адкуль узяўшы, што ён галоўны адміністратар сайта, і толькі ён адзін можа пісаць навіны ў Рагачове. Як тады растлумачыў адзін з супрацоўнікаў міліцыі, у Рагачове не можа быць іншага чалавека, хто разбіраецца ў стварэнні сайта, праграмаванні і г.д. Праваабаронцы і юрысты выказалі здзіўленне з гэтага працэсу, адзначыўшы пры гэтым, што падобнага цырка яны за сваю шматгадовую практыку не бачылі.
А ў сакавіку Дашкевіча звольнілі з працы ў рагачоўскім РайПО, не працягнуўшы з ім кантракт і патлумачыўшы наўпрост, што “вы ж самі ўсё разумееце”.
Дзяніс Дашкевіч з’яўляецца адным з найбольш актыўных актывістаў дэмакратычных сілаў у Рагачове, за што неаднаразова пераследваўся ўладамі. Але ён не спыняе сваёй дзейнасці. Гэтак, ён ініцыяваў і праводзіць кампанію па вяртанню ў горад правядзення Дажынак.