Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” падтрымаў ініцыятыву БХД (відэа)

09 красавіка 2012 19:45  |  Палітыка

Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” падтрымаў ініцыятыву БХД дабівацца дазволу на выдзяленне праезнай часткі ўдзельнікам мітынгу, які плануецца правесці 26 красавіка ў Мінску. Пра гэта паведаміў 9 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі.

Садоўскі інфармаваў, што 9 красавіка аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” правядзе пасяджэнне, падчас якога канчаткова вызначыць маршрут шэсця і акцыі, якія пройдуць напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”.

Паводле слоў адказнага сакратара аргкамітэта БХД, на гэты момант вядома, што шэсце і мітынг пройдуць вечарам 26 красавіка (нягледзячы на прапановы перанесці іх на выхадны дзень). Апрача таго, усе прадстаўнікі аргкамітэта пагадзіліся на збор каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор.

“Наша прапанова, якая была падтрымана, — гэта дабівацца таго, каб былі вызвалены некалькі палос праезнай часткі для ўдзельнікаў шэсця”, — зазначыў Садоўскі. Ён паведаміў, што на пасяджэнні таксама будзе абмяркоўвацца месца правядзення мітынгу — разглядаюцца варыянты плошчы Бангалор і царквы ў гонар абраза Божай Маці “Спатоленне загінулых”.

Нагадаем, заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу “Чарнобыльскі шлях” у Мінгарвыканкам плануецца падаць 10 красавіка.


Болей навін