Аргкамітэт па ўшанаванні памяці Станкевіча і Гадлеўскага на ТБМ (Фота)
Сёння, 10 красавіка, у 16-00 на сядзібе Таварыства Беларускай Мовы (Румянцава, 13) пройдзе пашыранае паседжанне аргкамітэту па ўшананаванні памяці айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, ініцыяванае суполкай ТБМ імя Адама Станкевіча. Арганізатары шчыра запрашаюць усіх зацікаўленых да ўдзелу.
Нагадаем, што Нацыянальная Рада БХД абвесціла ў межах БХД 2012 год годам памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. На паседжанні Нацыянальнай Рады быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці, які плануе з прыцягненнем шырокай беларускай грамадскасці ініцыяваць і правесці цягам гэтага году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве, шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.
У межах дзейнасці аргкамітэту ўжо адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных памяці гэтых выбітных дзеячоў. У прыватнасці, напачатку красавіка прайшла вечарына памяці Адама Станкевіча ў Слоніме. Згадвалі іх таксама ў Магілёве, Бабруйску і Гародні. А 22 сакавіка на ўрачыстым паседжанні менскай суполкі БХД з нагоды Дня Волі адноўленая суполка ТБМ імя Адама Станкевіча правяла ў Менску 5-ю Усебеларускую дыктоўку паводле ўрыўка з кнігі Станкевіча “Родная мова ў Святынях”.