Хрыстос уваскрос з мёртвых, Смерцю смерць зваяваў!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных не можам пазбавіцца слёз…
Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,
Вясна ўжо на свеце, — Хрыстос уваскрос!
(Янка Купала)
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя віншуе ўсіх вернікаў, якія 15 красавіка адзначаюць Уваскрасенне Хрыстовае. Гэтае свята з’яўляецца найважнейшым у хрысціянстве, бо як казаў святы апостал Павал, “калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная” (1 Кар. 15:17).
“А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя; але знайшлі камень адвалены ад магілы, і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, – сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут: Ён уваскрэс” (Лукі 24:1-6).
Няхай жа і ў нашых сэрцах ўваскрэсне Хрыста, каб мы сталі годнымі абяцанняў Хрыстовых і вера нашая не была марнай. Няхай і наша краіна Беларусь уваскрасае падобна Хрысту і жыве пад Ягонай аховай!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!