Пакуль у Рагачове судзілі каардынатара БХД, спецслужбы ўзламалі сайт vrogacheve.ru

17 красавіка 2012 15:28  |  Галоўныя навіны

17 красавіка ў Рагачове разваліўся судовы працэс над мясцовым каардынатарам аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзянісам Дашкевічам, якога абвінавачваюць у плагіяце.

 

Па словах актывіста справа ў судзе развалілася на вачах. Улады нават не ведаюць паводле якога артыкулу судзіць Дзяніса Дашкевіча. Тое, што справа развалілася, прызнаюць і ініцыятар позвы рэдактар праўладнай газеты “Свабоднае слова” Шышкін і міліцыянт-сведка Лукашэвіч.

 

Падчас працэсу з суду міліцыянты выгналі журналістку Ларысу Шчыракову, а да будынку суду з Гомеля ці Магілёва адмыслова прыгналі аўтазак, каб застрашыць людзей, якія меліся падтрымаць актывіста. Але нягледзячы на гэта да суду прыйшло 50-60 грамадзянаў. Каб не пусціць іх у суд, разгляд справы перанеслі з залі ў кабінет, куды змаглі патрапіць толькі каля дзесяці чалавек.

 

“У выніку суд перанеслі на 25 красавіка, каб атрымаць да гэтага кансультацыю ў Вярхоўным судзе”, – адзначыў каардынатар БХД, паведаміўшы, што 16 красавіка атрымаў ліст падтрымкі ад 28-і рагачоўцаў і яшчэ 100 лістоў падтрымкі на электронную пошту 17 красавіка.

 

Дзяніс Дашкевіч таксама паведаміў, што падчас суду ў 12:52 спецслужбамі быў узламаны мясцовы апазіцыйны сайт http://vrogacheve.ru. На ім з’явіўся артыкул, падпісаны нейкім Дзмітрыем Дашкевічам, а на фота, якое суправаджае артыкул, бачны каардынатар БХД. У артыкуле паліваецца брудам беларуская апазіцыя і апазіцыйныя актывісты Гомельскай вобласці. З 12:52 рэдакцыя сайту не нясе адказнасці за змест матэрыялаў, выкладзеных на сайце, бо да іх рэдактуры могуць быць датычныя асобы, якія на самой справе не маюць дачынення да рэдакцыі, паведаміў ён.

 

“Тое, што адбываецца з сайтам vrogacheve.ru, цалкам нагадвае сітуацыю з сайтам Хартыі 97 у Новы год. Спецслужбы дзейнічаюць абсалютна па адным шаблоне. Не здзіўлюся, што гэтым займаюцца адныя і тыя ж асобы”, – падкрсэліў Дзяніс Дашкевіч.

Болей навін