Віталь Рымашэўскі. Хрысціянства супраць дыктатуры
Ад самага свайго ўзнікнення да нашых дзён хрысціянства застаецца самым пераследваным уладамі веравызнаннем у свеце.
Асноўнымі ворагамі хрысціянаў у гісторыі былі і ёсць дыктатарскія рэжымы – у нядаўнім мінулым СССР і Кітай, цяпер – такія краіны, як Паўночная Карэя, Нігерыя, Іран … Сёння ў канцлагерах Паўночнай Карэі за вызнанне хрысціянства знаходзіцца каля 100 тысяч чалавек. У мінулым стагоддзі за веру было забіта больш за 15 мільёнаў хрысціян …
Асноўная прычына такога смяротнага супрацьстаяння – барацьба за ўладу.
Хрысціяне абвяшчаюць: «адзіны Гасподзь» – г.зн., ёсць толькі адзін сапраўдны Уладар, паўнапраўны гаспадар і валадар зямлі і неба, якога прызнаюць хрысціяне – Бог.
Дыктатары, аўтарытарныя кіраўнікі заўсёды спрабуюць гэта аспрэчыць.
Таталітарызм – своеасаблівая рэлігія, з заменай Бога зямным ідалам. (Ленін, Сталін, Гітлер і да т.п.). Ён заўсёды прэтэндуе быць універсальнай дактрынай, імкнецца ахапіць усе галіны грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Таму таталітарызм непазбежна ўступае ў супрацьстаянне з хрысціянствам, якое асуджае кожны культ асобы і прызнае вярхоўную ўладу толькі за Богам.
У аснове хрысціянства стаіць пазнаючая Бога асоба кожнага чалавека; асоба першасная, грамадства, супольнасць, дзяржава – другасныя.
Таталітарызм – заўсёды апелюе да «народных масаў»: чалавек – частка калектыву, слуга дзяржавы; чалавек для дзяржавы, а не дзяржава для чалавека.
Таталітарныя рэжымы спрабуюць дыктаваць кожнаму чалавеку, што ён павінен рабіць, як думаць, дзе жыць (інстытут рэгістрацыі і прапіскі, забарона на выезд за мяжу), дзе працаваць (дзяржаўнае размеркаванне студэнтаў), дзе вучыцца, што пісаць і казаць, як выхоўваць сваіх дзяцей (Гітлерюгенд, піянерская арганізацыя, камсамол і да т.п.)
Дыктатар звычайна выступае як выратавальнік краіны ад антынародных сіл. Таму з часоў ізраільскага цара Ірада дыктатары не трываюць прысутнасці Хрыста як Збаўцу усяго свету і іх канкрэтнага народа.
Таму ўсе аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы свету імкнуліся альбо знішчыць, альбо падпарадкаваць сабе Царкву і хрысціянства. Але ніколі ніводнаму рэжыму з самай жахлівай рэпрэсіўнай машынай не ўдавалася дасягнуць гэтай мэты.
У сваім гістарычным жыцці Хрысціянская царква перажывала розныя часы – росквіту і падзенняў, адноснай свабоды і ганенняў. Але як бы ні спрабавалі звонку або ад імя Царквы перакруціць хрысціянскае веравучэнне, паставіць Царкву на службу тырану ці дзяржаве, – хрысціянства заўсёды перамагала, і “арква будавалася на сведчанні і вучэнні пакутнікаў, а не прыстасаванцаў і адступнікаў.
Таму што немагчыма перамагчы Добрую вестку (або Евангелле), якую нясе ў сабе хрысціянства, як немагчыма канчаткова забіць у чалавеку імкненне да свабоды, дабра і справядлівасці.
Найбольш дакладна апісвае сутнасць барацьбы хрысціян і хрысціянства супраць таталітарызму і дыктатуры дэкларацыя з’езда баварскага каталіцкага епіскапату 22 сакавіка 1942 года у Фульдзе, якое было шырока распаўсюджана, нягледзячы на ўрадавыя забароны. У дэкларацыі гаварылася:
«Гадамі ўжо ідзе ў нашай айчыне барацьба супраць хрысціянства і Касцёла … Мы выступаем не толькі за правы непасрэдна рэлігіі і духавенства, але і наогул за правы чалавека, дадзеныя яму Богам … Мы патрабуем юрыдычных доказаў віны ўсіх прысудаў і вызвалення тых, хто ўтрымліваецца ў зняволенні без такіх “.
За дзве тысячы гадоў паўстала і загінула мноства дыктатарскіх рэжымаў. Некаторыя з дыктатараў засталіся ў гісторыі як увасабленні зверстваў і зла, імёны большасці іншых будуць забытыя назаўжды. Але больш за дзве тысячы гадоў нязменна была і будзе жыць хрысціянская вера. У мінулым, сучаснасці і будучыні нязменна будуць гучаць словы, у якіх заключана адзіная надзея і цяперашняе суцяшэнне для кожнага чалавека: Хрыстос уваскрос!