Беларускія моладзевыя арганізацыі аб’ядналіся дзеля байкоту рэжыму

19 красавіка 2012 13:31  |  Палітыка

Беларускія моладзевыя арганізацыі выпрацавалі адзіную плятформу дзеянняў у кампаніі байкоту парламенцкіх выбараў у Беларусі “Ігнор-2012”. Яны абвясцілі яе на прэсавай канферэнцыі 19 красавіка.

 

У кааліцыю ўвайшлі Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, “Малады фронт”, “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, моладзь “Еўрапейскай Беларусі”, “Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая грамада”, “Маладыя дэмакраты” АГП і “Змена” з руху “Гавары праўду”.

 

“Сёння мы, дэмакратычная моладзь краіны, аб’ядналіся для сумесных дзеянняў у межах надыходзячай выбарчай кампаніі і заклікаем да яднання ўвесь беларускі народ адзіным маральным шляхам: байкоту гульням з дыктатарам!

 

Сёння мы заклікаем увесь беларускі народ: Не быць скотам! Бо менавіта так выглядаюць людзі, якіх зганяюць з працуоўных альбо навучальных устаноў на выбарчыя пляцоўкі!

Сёння, ігнаруючы так званыя, выбары, мы кажам: НЕ ганебнаму стаўленню ўладаў да беларускага народу! НЕ існуючаму рэжыму ў краіне!

 

І мы спадзяемся, што шляхам татальнага ігнору дыктатарскіх гульняў дойдзем да ўсенароднага і канчатковага супраціву рэжыму!

 

Бо, усе мы з вамі верым у светлую будучыню нашай краіны, і таму безумоўна можам,  а значыць абавязкова пераможам! Жыве Беларусь!”, – адзначыла сустаршыня МХД Марына Хоміч.

Болей навін