Рымашэўскі: “сталінобус” – гэта здзек з ахвяраў сталінізму
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі негатыўна ацэньвае ідэю запуску ў Мінску да Дня Перамогі 9 мая аўтобусаў з партрэтамі Іосіфа Сталіна. Ён лічыць запуск сталінобусаў здзекам з ахвяраў сталінізму.
“Інакш як блюзнерствам я гэта назваць не магу. Гэтага дапусціць нельга. Гэтага патрабуе і справядлівасць і памяць ахвяр сталінскага рэжыму, які для Беларусі быў не менш крывавым, чым гітлераўскі”, – заявіў ён карэспандэнту Тэлеграфа.
Сустаршыня БХД вітаў любыя ініцыятывы, якія накіраваны на недапушчэнне “гэтага здзеку як з сучасных жыхароў Беларусі, так і з былых”. У прыватнасці, ён назваў “добрай ідэяй” пусціць аўтобусы з партрэтамі Янкі Купалы і Якуба Коласа.