Дашкевіч узнагароджаны Прэміяй Свабоды YEPP
Лідэр “Маладога Фронту” і сябар БХД, палітвязень Зьміцер Дашкевіч стаў першым ляўрэатам Прэміі Свабоды, арганізаванай YEPP у 2012 годзе.
Кіраўніцтва YEPP даслала ліст, у якім паведаміла, што Зьміцер Дашкевіч вядомы ім як старшыня сябра YEPP “Маладога Фронту” і як арганізатар і удзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, удзел у якіх прывёў да месяцаў, праведзеных пад адміністратыўным арыштам, дзеля адстойваньня ўласных перакананьняў.
“Мы з захапленьнем назіралі за Вашай барацьбой за свабоду ў вашае краіне, і нашыя сэрцы з Вамі ў гэтыя цяжкія часы. YEPP актыўна займаецца пытаньнем свабоды ў Беларусі, мы удзельнічаем у кампаніях па рассылцы паштовак і міжнародных пратэстах. Мы спадзяемся, што ўзнагародзіўшы Вас нашай першай Прэміяй Свабоды, мы паглыбім наш удзел у Вашай справе”.
Моладзь Эўрапейскай народнай партыі — маладзёвая арганізацыя Эўрапейскай народнай партыі, якая аб’ядноўвае больш за 51 хрысьціянска-дэмакратычную моладзевую палітычную арганізацыю з больш чым 35 краінаў Эўропы. Сумарная колькасьць сяброў перавышае 1,4 мільёна.