Мінюст вынес папярэджанне Хрысціянскай Дзелавой Ініцыятыве

16 мая 2012 13:07  |  Галоўныя навіны

Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджанне Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню “Хрысціянская Дзелавая Ініцыятыва”, якое ўзначальвае сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук.

 

Спробы абскардзіць папярэджанне ў Вярхоўным судзе не далі вынікаў, паколькі ўсе довады з боку ХДІ былі праігнараваныя. Зазначым, што пры вынясенні папярэджанняў Мінюст не патлумачыў канкрэтна, на падставе чаго было вынесена папярэджанне. Паседжанне Вярхоўнага суду адбылося 15 траўня, але рашэнне ВС агучыў сёння, 16 траўня.

 

Першым пунктам, які стаў падставай для вынеясення папярэджання ХДІ, была неадпаведнасць бланку арганізацыі норма СТБ. Але, як адзначыў Георгі Дзмітрук, з’яўляецца тэхнічным, а не прававым дакументам, пры тым нідзе афіцыйна неапублікаваным. Да таго ж бланк самого Мінюста таксама не адпавядае СТБ. У прыватнасці, на ім тэлефонныя нумары пазначаныя не ў міжнародным фармаце. Да таго ж бланк не змяшчае інфармацыі пра камерцыйныя рахункі Міністэрства. Але прадстаўнікам ХДІ, якія звярнулі ўвагу на гэта, паведамілі, што гэта не іх справа.

 

Таксама папярэджанне Мінюста грунтуецца на тым, што ХДІ ў сваёй справаздачы нібы не падала звесткі пра ўсе праведзеныя ёй за год мерапрыемствы. Разам з тым супрацоўнік Мінюста Харытон не змог назваць, пра якія канкрэтна мерапрыемствы (іх даты, месца і змест) не паведаміла ХДІ. Пры гэтым ён заявіў, што арганізацыя мусіць таксама падаваць змест усіх тэлефонных размоў і перапіскі, якія вяліся ад імя ХДІ, што з’яўляецца ўмяшальніцтвам ў справы арганізацыі і напрамую супярэчыць закону аб грамадскіх арганізацыях.

 

“Мінюст, Генральная пракуратура і Вярхоўны суд зноў выступілі заадно. Тым самым яны ў чарговы раз прадэманстравалі тую ганебную кругавую паруку, якая дзейнічае ў Беларусі. Пры гэтым роля “кілера” ХДІ была адведзеная прадстаўніку Мінюсту Харытону”, – адзначыў Георгі Дзмітрук.

 

“Гэты факт пацвярджае, што хрысціянскія арганізацыі Беларусі і ўсялякая хрысціянская актыўнасць у краіне па-ранейшаму знаходзяцца пад жорсткім рэпрэсіўным кантролем з боку дзяржавы. Хрысціянскія арганізацыі не валодаюць правам выйграваць у судах, нават у Вярхоўным судзе”, – падкрэсліў ён.

Болей навін