ЧАМУ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ?

20 мая 2012 16:23  |  БХД

Пра духоўны, багаслоўскі падмурак свайго свядомага выбару на карысць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі разважае праваслаўны вернік, беларускі журналіст, блогер і паэт Алег Нагорны, якога нядаўна спецслужбы спрабавалі вербаваць і застрашвалі крымінальным пераследам за сувязі БХД.

 

Па-першае, як праваслаўны вернік мушу сказаць, што Праваслаўная Царква не занявольвае палітычнага сумлення чалавека: ніводная палітычная сістэма не мае грыфаў “бласлаўлёна” альбо “анафемацтвавана” (акрамя тых, якія наўпрост грунтуюцца на антыхрысціянскіх каштоўнасцях). Так, прыняты Архірэйскім Саборам дакумент “Асновы сацыяльнай канцэпцыі РПЦ” сцвярджае:

 

«Перад абліччам палітычных рознагалоссяў, супярэчнасцяў і барацьбы Царква прапаведуе мір і супрацоўніцтва людзей, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў. Яна таксама дапушчае наяўнасць розных палітычных перакананняў сярод яе епіскапату, кліру і парафіян, за выключэннем такіх, якія відавочна вядуць да дзеянняў, што супярэчаць праваслаўнаму веравучэнню і маральным нормам царкоўнага Падання». АСК ПЦ, V.2.

 

Праўда, даводзіцца чуць ад некоторых, што праваслаўны не можа не быць манархістам, бо задача хрысціян змяняць жыццёвы лад на зямлі па ўзоры Нябеснага Царства. Тут дастаткова заўважыць, што за метафарай Нябеснага Царства хаваецца не манархія, а теакратыя. А якраз манархічны палітычны лад з’явіўся ў “абранага народа Божага” ў выніку апастасіі – адмовы ад тэакратыі, і папушчаны Творцам як саступка, а не блаславенне (1Цар. 8:4-22). Больш таго, хрысціянін пакліканы несці на зямлі Царства Нябеснае не праз рэфармаванне грамадства паводле пэўнай палітычнай сістэмы, але праз рэфармаванне ўласнага і грамадскага жыцця паводле Евангельскіх запаведзяў, якое пачынаецца ва ўласным сэрцы, бо “Царства Божае ўнутры вас ёсць” (Лк. 17:21).

 

Цяпер, трэба зафіксаваць той факт, што канструяванне любога дзяржаўна-палітычнага ладу ў краіне, па сутнасці, мае быць спробай тым ці інышым чынам вырашыць праблему ўзаемаадносінаў патрэбаў асобы і патрэбаў грамадства. І тут магчымы дзве крайнасці, прыклады якіх маем і ў сучаснасці: калі дзеля інтарэсаў пэўнага індывіда парушаюцца правы грамадства, і калі дзеля “ўсеагульнага дабрабыту” парушаюцца правы асобных індывідаў.

 

Адсюль задача знайсці такі сінтэз паміж сацыялізмам і індывідуалізмам, пры якім паглыбленне грамадзяніна ў самарэалізацыю індывідуальных патрэбаў ішло б адначасова і на выгоду грамадства, і наадварот – праца на выгоду грамадства спрыяла б рэалізацыі індывідуальных выгодаў грамадзяніна. Такім адзінствам мае быць толькі адзінства арганізма. У чалавечай рэчаіснасці гэтае адзінства рэалізавана ў хрысціянскай Царкве:

 

“Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, — так і Хрыстос… А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх… Не можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя. Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя, і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаннем; і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойвання, а прыстойныя нашыя чэлесы не маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбанне, каб не было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго. Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам з ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, з ім радуюцца ўсе чэлесы. І вы — цела Хрыстовае, а паасобку — чэлесы” 1 Кар. 12:12-27

 

Аднак, на практыцы немагчыма межы цела Хрыстовага зрабіць адпаведнымі межам грамадства той ці іншай краіны. Бо нават прыналежнасць Царкве як сацыяльна-грамадскаму інстытуту, не гарантуе фактычную прыналежнасць да Царквы як містычнага Цела. Любы нераскаяны грэх адсякае чэлеса Царквы ад арганізмічнага адзінства. Ва ўсялякім выпадку, абмяжоўвае доступ да жыццядайных сокаў Ласкі Божай. Што ўжо казаць пра ўсіх грамадзянаў краіны, паміж якімі шмат тых, хто наогул не вызнае Цела Хрыстовага!

 

Сённяшняе грамадства настолькі разнамаснае, што толькі дэмакратычны працэс здольны больш-меньш справядліва забяспечваць натуральны баланс цікаўнасцяў большасці яго ўдзельнікаў. А самай захаванай формай дэмакратыі для былых грамадзян савецкай Імпэрыі з’яўляецця сацыяльная дэмакратыя. Таму першыя мае палітычныя сімпатыі належылі ёй. 

Аднак сацыялізм можа мець розны ідэйны падмурак. Так хрысціянскі сацыялізм Дастаеўскгага накіраваны на стварэнне дабраякаснай духоўна-маральнай атмасферы ў грамадстве, а вось пры сацыялізме Чарнышэўскага духоўна і маральна здароваму чалавеку дыхалася б цяжка. Протаіерэй Сергій Булгакаў ствараў сваю канцэпцыю сацыялізму ў імя Богачалавецтва, і супрацьпастаўляў яе сацыялізму Маркса, які ствараўся “ў імя рэлігіі чалавекабажаства” (Булгаков С.Н. Неотложная задача (О союзе христианской политики) // Христианский социализм. Новосибирск. 1991. С.43)

 

Зрэшты, любая форма дэмакртыі можа зрабіцца дэ-мана-кратыяй, бо агульная атмасфера ў краіне залежыць ад духоўна-маральнага стану грамадзян. Ну, што тут зробіш, калі ў краіне народаўладдзе, а народная большасць жадае жыць у пекле?! “Дэмакратыя – гэта калі намі кіруюць такія ж нягоднікі, як і мы самі”, — прызнаўся аднойчы амерыканскі “правы” публіцыст Генры Луіс Менкен. 

 

А я аднойчы прызнаўся сабе, што ў чыстым выглядзе сацыялістычная эканамічная мадэль не адпавядае кантэксту, ў якім сёння існуе Беларусь, і не можа здзейсніць спадзяванні на фінансава-эканамічнае ацаленне нашай краіны. Таму даводзіца вяртацца да ідэі “евангілізаваць” правую дэмакратыю з яе “буржуазіяй” і “капіталізмам”.

 

Кажучы шчыра, крытыка капіталістычнай сістэмы амаль не састарэла з часоў “Капітала”. Без хрысціянскага духу ўзаемаадказнасці і ўзаемадапамогі, міласэрнасці і братэрскай любові ліберальная эканамічна мадэль даволі суворая і бязлітасная. Аднак “хрышчанне” паклікана ўдыхнуць у бяздушную машыну капіталістычнай палітэканоміі дух евангельскіх узаемаадносін. У прыватнасці, надаць хрысціянскае аксіялагічнае вымярэнне палітычным і эканамічным стасункам. 

Той жа прат. Сергій Булгакаў пісаў пра гэта так: 

 

“Хрысціянскай формай кіравання пераважна з’яўляецца ніякім чынам не дэспатычны аўтакратызм татарска-турэцкага тыпу, узведзены ў гэты ранг Візантыяй і рабалепствальнай афіцыйнай царквой, але федэратыўная дэмакратычная рэспубліка, як гэта добра разумелі ў свой час ангельскія дысідэнты, якія эмігравалі ў Амерыку. Якая б ні была форма палітычнага ладу, яна павінна ахоўваць натуральныя святыя правы чалавечай асобы: свабоду слова, свабоду сумлення, свабоду стасункаў людзей паміж сабой, інакш кажучы, свабоду звязаў і сходаў і г.д., і павінна выключаць саслоўныя і ўсякія іншыя прывілеі, якія парушаюць прававую роўнасць людзей. Гэтыя правы павінны быць аксіёмай хрысціянскай палітыкі” (Булгаков С.Н. Неотложная задача (О союзе христианской политики) // Христианский социализм. Новосибирск. 1991. С.33-34)

 

“Не менш ясныя хрысціянскія ідэалы і ў галіне сацыяльнай палітыкі. Калі недапушчальна палітычнае заняволенне, то яшчэ меней даравальнае заняволенне эканамічнае, як больш жорсткае і зневажальнае, якое ператварае чалавека ў рэч і сродак для задавальнення найнізкіх патрэбаў” (Булгаков С.Н. Неотложная задача (О союзе христианской политики) // Христианский социализм. Новосибирск. 1991. С.34)

 

Яшчэ адна з прычын маёй сённяшней сімпатыі менавіта да беларускай хрысціянскай дэмакратыі ляжыць у веданні некаторых аб’ектыўных духоўных законаў, такіх жа няўмольных, як, скажам, закон зямнога прыцягнення. Адзін з іх чулі і вы: “Кожны народ заслугоўвае сваё кіраўніцтва”. (Пра гэта я ужо пісаў ў артыкулах “Беларусь: час опіуму!”, “Беларусь-2011: хто вінаваты і што рабіць?”, “Даеш на Беларусі рэвалюцыю!”?”) Штучная змена дыктатуры на дэмакратыю (праз рэвалюцыю ці пераварот, напрыклад), калі народ не гатовы духоўна і псіхалагічна, праз некаторы час непазбежна апынецца абменам “шыла на мыла”. Гэта пацверджвае гісторыя.

 

 А ў праекце Статуту БХД знаходжу 2 важных і дарагіх для мяне тэзы:

 

“2.2. Мэты дзейнасці Партыі БХД:

 

–      

 

–       пабудова дэмакратычнага грамадства на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў, патрыятызма, адказнасці, свабоды, сацыяльнай справядлiвасці, салiдарнасці”

 

“2.4. Партыя БХД у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае выключна дэмакратычныя і негвалтоўныя метады згодна з заканадаўствам і Статутам…” [выдзелена мной – А.Н.]

 

На маю думку, самае годнае выйсце з сённяшней сітуацыі ў краіне – фактычная хрысціянізацыя аксіялагічнай прасторы і перабудова “знізу” ўзаемаадноснаў ўдзельнікаў грамадска-сацыяльнага жыцця па ўзоры арганізмічнага адзінства. Калі тое адбудзецца, пухліна антыхрысціянскай улады адсохне ад здаровага арганізму беларускага Грамадства натуральным шляхам! Хочам зменаў? – Давайце заслужым іншае ўлады! І найперш, — хрысціянізацыяй уласнага паўсядзённага жыцця!

Болей навін