У Бабруйску адбылася партыйная школа БХД для Магілёўшчыны (Фота)
У Бабруйску 26-27 траўня адбылася партыйная школа для актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Магілёўскай вобласці. Удзел у ёй узялі прадстаўнікі Бабруйску, Магілёва, Крычава, Асіповічаў і іншых мястэчак Магілёўшчыны – агулам больш за 30 чалавек.
Падчас навучання прайшлі лекцыі і семінары па наступных тэмах: Дзейнасць палітычных партый у Беларусі, планаванне і арганізацыя лакальных акцый, праца ў інтэрнэце і сацыяльных сетках ды напісанне прэс-рэлізаў. Практычная частка партыйнай школы была накіраваная на распрацоўку планаў лакальных кампаніяў, у прыватнасці для падтрымкі працы каардынатара БХД у Асіповічах, дэпутата Асіповіцкага райсавету Аляксея Цюлькова.
Як распавёў прэс-службе БХД намеснік магілёўскага гарадскога каардынатара аркамітэту БХД Алег Аксёнаў, у выніку семінараў удзельнікі атрымалі новыя веды і практычны досвед для правядзення актывістамі канкрэтных мясцовых кампаніяў.
Нагадаем, партыйныя школы БХД зараз праходзяць ва ўсіх абласцях Беларусі. Ужо адбыліся партшколы ў Гародні, Менску і Гомелі, а ў хуткім часе аналагічнае навучанне пройдуць актывісты БХД Віцебшчыны, Берасцейшыны і Менскай вобласці.