У Гомелі прапаноўваюць забараніць рэкламу алкагольных напояў
Гомельскія грамадскія актывісты, сярод якіх і сябры БХД пачалі збор подпісаў пад зваротам да парламента. Яны прапаноўваюць унесці папраўкі ў заканадаўства, якое рэгулюе рэкламу алкагольных напояў і іх продаж. Дэпутатам, у прыватнасці, прапаноўваецца:
поўнасцю забараніць рэкламу прадукцыі з утрыманнем алкаголю ў любой форме;
размяшчаць на ўпакоўках, наклейках і этыкетках алкагольных напояў малюнак і апісанне наступстваў працяглага ўжывання алкаголю;
забараніць вытворчасць і імпарт пладова-ягадных він, кошт якіх у розніцу складае меней як шэсць долараў ЗША за літр;
увесці падатак на продаж алкагольных напояў у памеры 10% ад іх кошту з далейшым выкарыстаннем гэтых сродкаў на адрасную сацыяльную падтрымку;
забараніць продаж алкаголю асобам, якія не дасягнулі 21-гадовага ўзросту;
увесці крымінальную адказнасць за продаж алкаголю асобам, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту.
Аўтар ідэі збору подпісаў, актывіст грамадзянскай кааліцыі “Наша альтэрнатыва” Канстанцін Жукоўскі так растлумачыў БелаПАН сваю ініцыятыву: “У Беларусі склалася крытычная сітуацыя, калі ўзровень спажыванага чыстага алкаголю на душу насельніцтва складае больш за 12 літраў у год. У той жа час, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, спажыванне ў краіне больш як васьмі літраў чыстага алкаголю на душу насельніцтва ў год з’яўляецца крытычнай адзнакай, пасля якой настае дэградацыя і выміранне нацыі”.
“Беларусь уваходзіць у дзясятку самых пітушчых краін свету, — канстатаваў Жукоўскі. — Непітушчы чалавек у нашай краіне выглядае ў вачах грамадскасці як анамалія. Дзеці і падлеткі пачынаюць співацца прама са школьнай лаўкі. Співаюцца цэлымі сем’ямі, павальнае п’янства становіцца нормай жыцця. Як вынік, мы маем нізкую прадукцыйнасць працы, крытычную нараджальнасць, высокія ўзроўні злачыннасці, разводаў і смяротнасці”.
Гомельскія актывісты разлічваюць сабраць пад зваротам у парламент не меней як чатыры тысячы подпісаў.
Алена Германовіч, БелаПАН.