Васільева арыштавалі на новыя 12 сутак
Калі ня ўлічваць выходныя, што прайшлі да суду, то Раману Васільеву засталося сядзець 10 сутак — акурат столькі далі нявызваленым раней Уладзімеру Яроменку й Зьмітру Крэмянецкаму. Турэмная матэматыка рэжыму, відаць, на выходныя не зважае.
26 траўня сябра “Маладога фронту” і БХД Раман Васільеў павінен быў выйсці на волю пасля адбыцця 12-суткавага арышту за вывешванне нацыянальнага сцяга ў гадавіну рэферэндуму аб змене сімволікі. Аднак супраць Рамана Васільева склалі новы адміністратыўны пратакол і пакінулі пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Суд над актывістам “Маладога фронту” адбыўся сёння ў судзе Маскоўскага раёну Менска. Падобная гісторыя адбылася на мінулым тыдні з ягонымі паплечнікамі – Уладзімірам Яроменкам і Змітром Крэмянецкім.
23 траўня з Акрэсціна не быў вызвалены Уладзімір Яроменак, якога на наступны дзень асудзілі на 10 сутак арышту за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ).
24 траўня пасля адбыцця 10-суткавага арышту ў ЦІП на Акрэсціна застаўся па новым абвінавачанні Зміцер Крэмянецкі. 25 траўня суддзя Тацяна Мотыль з суду Маскоўскага раёну Менска асудзіла яго на чарговыя 10 сутак арышту.
***
Рамана Васільева абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП РБ («Дробнае хуліганства»). Справу разглядала суддзя Тацяна Мотыль.
Падчас судовага разгляду суддзя задаволіла хадайніцтва аб праглядзе матэрыялаў камераў назірання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Аднак, як і ў падчас разгляду справаў Змітра Крэмянецкага, Уладзіміра Яроменкі і Паўла Вінаградава, з ЦІП паведамілі, што камеры назірання не працавалі.
Таксама Тацяна Мотыль адхіліла хадайніцтва аб атрыманні з ЦІП звестак аб часе дастаўлення і вызвалення актывіста «Маладога фронту».
Згодна з рашэннем суду, Раман Васільеў атрымаў пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам 12 сутак.